Колькасьць загінулых у выніку ўдару расейскага дрона па Адэсе вырасла да дзесяці

На месцы абвальваньня пад'езда дома ў Адэсе

Колькасьць загінулых у Адэсе ў ноч на 2 сакавіка ў выніку трапляньня расейскага дрона «Шахед» у шматпавярховы жылы дом узрасла да дзесяці чалавек.

Пра тое, што з-пад завалаў дасталі цела дзявятага забітага, паведаміла раніцай 3 лютага служба па надзвычайных сытуацыях Украіны. Пазьней кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер напісаў, што побач зь целам дзявятай ахвяры ратавальнікі знайшлі труп дзіцяці — меркавана, ва ўзросьце да году.

Такім чынам, сярод ахвяраў атакі трое дзяцей. Раней пад заваламі ратавальнікі знайшлі целы 3-месячнага дзіцяці і ягонай маці. Пра гэта паведамілі кіраўнік Адэскай адміністрацыі Алег Кіпер і міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.

Выратавальныя працы працягваюцца, пад заваламі яшчэ могуць заставацца людзі.

3 сакавіка ў Адэсе абвясьцілі днём жалобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі ў ноч на 2 сакавіка атакавалі зь бесьпілётнікаў Адэсу і Харкаў

У выніку трапляньня бесьпілётніка адзін пад’езд дзевяціпавярховага жылога дома быў практычна цалкам разбураны. 18 кватэр у гэтым доме зьнішчана і, паводле папярэдніх зьвестак, яшчэ 7 пашкоджаныя,паведаміла мэрыя горада.

Расейскія вайскоўцы мэтанакіравана ўдарылі па жылым доме ў Адэсе, побач не было ніякіх вайсковых абʼектаў, — сьцьвярджае генпракурор Украіны Андрэй Косьцін. «Гэта ня проста абстрэлы, гэта палітыка, накіраваная на тэрор і зьнішчэньне ўкраінцаў. Гэта атака на жылы дом...» — прыводзіць яго словы «РБК-Украіна».

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, камэнтуючы ўдар па Адэсе, заявіў, што Ўкраіне неабходна больш сродкаў СПА ад яе партнэраў для абароны людзей.

Паводле зьвестак Сіл абароны поўдня Ўкраіны, у ноч на 2 сакавіка расейскае войска атакавала Адэскую вобласьць васьмю дронамі «Шахед». Сем зь іх удалося зьбіць. Расея ўдары па Адэсе пакуль не камэнтавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На 2-ю гадавіну паўнамаштабнага ўварваньня расейцы атакавалі ракетамі Адэсу, ёсьць загінулы і параненыя