Пераважную большасьць месцаў у Палаце прадстаўнікоў занялі сябры «Белай Русі» і беспартыйныя

Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

Каля дзьвюх трацін дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага скліканьня – 70 са 110 – зьяўляюцца сябрамі праўладных палітычных партый, якія засталіся ў Беларусі, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз папярэдніх вынікаў Адзінага дня галасаваньня 25 лютага.

51 месца ў ніжняй палаце парлямэнту занялі прадстаўнікі партыі «Белая Русь», створанай у 2023 годзе для падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці дасталося 8 дэпутацкіх крэслаў, Камуністычнай партыі Беларусі – 7, Лібэральна-дэмакратычнай партыі – 4. Не ўваходзяць ні ў якія партыях 40 дэпутатаў ПП НС 8-га скліканьня. Такія вынікі аналізу, які зрабіў «Позірк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордныя лічбы датэрміновай яўкі, ахова на ўчастках, адсутнасьць незалежных назіральнікаў: як прайшлі «выбары-2024» у Беларусі

ЦВК Беларусі абнародаваў прозвішчы кандыдатаў, якія, паводле папярэдніх звестак, уключаны ў склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га склікання. Паведамляецца, што абраныя ўсе 110 дэпутатаў.

У Палату прадстаўнікоў увойдуць вядомыя прыхільнікі ўлады, сярод якіх Ігар Сергеенка, Ігар Марзалюк, Дзьмітры Шаўцоў, Аляксандар Шпакоўскі, Аляксандар Барсукоў, Вадзім Гігін і іншыя.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў адбыліся на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. У электаральнай кампаніі ўдзельнічалі выключна прыхільнікі Лукашэнкі.

У канцы 2022 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сіл і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністар юстыцыі Сяргей Хаменка спрагназаваў, што колькасьць партый пасьля перарэгістрацыі паменшыцца да «трох-чатырох».

У выніку летам і восеньню 2023 года было скасавана 12 палітычных сіл – Кансерватыўна-хрысьціянская партыя – БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя БНФ, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР: «Акцыя, арганізаваная незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, ня мае нічога супольнага зь легітымнымі выбарамі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Беларусі заявіў пра яўку на Адзіны дзень галасаваньня ў 73,09%