У Швайцарыі стварылі групу спэцыялістаў для кантролю за санкцыямі супраць Беларусі і Расеі

Сьцяг Швайцарскай Канфэдэрацыі

У краіне занепакоеныя тым, што ўладам Беларусі і Расеі ўсё адно ўдаецца карыстацца некаторымі эўрапейскімі таварамі і паслугамі, хаця санкцыі павінны гэта забараняць.

Улады Швайцарыі сфармавалі групу спэцыялістаў, якая займаецца выяўленьнем парушэньняў санкцыяў супраць Расеі і Беларусі, заявіў Фабіян Маенфіш, афіцыйны прадстаўнік швайцарскага Дзяржаўнага сакратарыята эканомікі (SECO), які адказвае за экспартны кантроль, піша ТАСС.

Паводле яго, група «займаецца, сярод іншага, складаным адміністрацыйным крымінальным вядзеньнем у сувязі з прымяненьнем санкцый і іх выкананьнем, сьледчымі дзеяньнямі ў сувязі з магчымымі парушэньнямі санкцыяў і аналізам адносін уласнасьці і кантролю складаных структур кампаній».

У SECO паступіла агулам каля 230 паведамленьняў аб падазроных выпадках, адзначыў Маенфіш, што прывяло да 47 адміністрацыйных крымінальных вядзеньняў, 29 зь іх ужо завяршылі. Таксама вынесена 20 пастановаў аб спыненьні спраў, а ў 9 выпадках размова ідзе аб накладаньні штрафаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўрапейскі суд пакінуў у сіле санкцыі супраць «Гродна Азота» і «Хімвалакна»

У жніўні 2023 году Швайцарыя ўвяла дадатковыя санкцыі ў дачыненьні Беларусі, каб прывесьці іх у адпаведнасьць з апошнімі санкцыямі Эўразьвязу, прынятымі 3 жніўня. Яны ўключалі забарону на экспарт тавараў і тэхналёгіяў для выкарыстаньня ў авіяцыйнай і касьмічнай прамысловасьці.

Таксама ў сьпіс забароненых да экспарту тавараў былі ўключаныя турбарэактыўныя рухавікі, турбавінтавыя рухавікі і гумовыя шыны. Захады таксама пашырылі пералік тавараў, якія «спрыяюць вайскова-тэхнічнаму ўмацаваньню Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Швайцарыя далучылася да экспартных санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі