Падчас Адзінага дня галасаваньня для садзейнічаньня міліцыі будзе выкарыстаны «патэнцыял народных дружын, вэтэранскіх арганізацый і Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі», заявіў 9 лютага начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Аляксандар Купчэня.
Паводле яго, «прадстаўнікі гэтых аб’яднаньняў разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў будуць забясьпечваць ахову правапарадку на прылеглай тэрыторыі да абʼектаў галасаваньня».
Купчэня паведаміў, што з 19 лютага асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў перавядуць на «ўзмоцнены варыянт службы», які прадугледжвае кругласутачнае дзяжурства на ўсіх выбарчых участках.
Міліцыянты будуць знаходзіцца побач з памяшканьнямі для галасаваньня «ў гатоўнасьці зрэагаваць і аказаць неабходнае садзейнічаньне выбарчым камісіям у падтрыманьні правапарадку». Акрамя таго, будуць працаваць «мабільныя групы і групы хуткага рэагаваньня ў поўным рыштунку». Усе ўчасткі абсталююць «ручнымі сродкамі трывожнай сыгналізацыі і відэаназіраньня».
Прадстаўнік МУС сьцьвярджае, што дзякуючы гэтым захадам «ніводнае правапарушэньне, здарэньне не застанецца без увагі і будзе апэратыўна спыняцца».
Сёлета ўпершыню ў Беларусі пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Практычна пры поўнай адсутнасьці палітычнай кампаніі». Праваабаронцы падвялі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў на выбарах-2024На 110 месцаў у ПП НС восьмага скліканьня прэтэндуе 265 кандыдатаў, на 12 512 месцаў у мясцовых саветах дэпутатаў — 18 802. Сярэдні конкурс — 2,4 і 1,5 чалавека на месца адпаведна.
Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі.
Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены блянк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасаваньня, так і ў дзень выбараў. За парушэньне гэтага патрабаваньня пагражае адміністрацыйная адказнасьць.
У 2020 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах многія выбарнікі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную плятформу «Голас», што стала адным са сьведчаньняў фальсыфікацыі ўладамі вынікаў галасаваньня на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.
З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Указ Лукашэнкі: старшыня «усебеларускага народнага сходу» — найвышэйшая дзяржаўная пасада