Польшча і краіны Балтыі прапанавалі ўключыць Беларусь у пакет санкцый ЭЗ адносна Расеі да другой гадавіны ўварваньня ва Ўкраіну
Польшча і краіны Балтыі прапанавалі ўключыць Беларусь у 13-ы пакет санкцый Эўразьвязу адносна Расеі, зацьвярджэньне якога заплянаванае на 24 лютага, на другую гадавіну ўварваньня РФ ва Ўкраіну.
Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на партал rmf24.pl.
Адзначаецца, што ўключэньне Беларусі ў санкцыйны пакет ініцыяванае з мэтай перашкодзіць Маскве абыходзіць абмежаваньні з дапамогай Менску.
Прапанова Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, паводле інфармацыі выданьня, акрамя ўвядзеньня эмбарга на імпарт з Расеі звадкаванага прыроднага газу і алюмінію, утрымлівае забарону на навуковае супрацоўніцтва, узмацненьне жорсткасьці санкцый у авіяцыйнай сфэры і пашырэньне сьпісу забароненай прадукцыі, якая выкарыстоўваецца пры вытворчасьці дронаў.
8 студзеня намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК), кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» («НАУ») Павал Латушка заявіў, што гарманізацыі санкцый у дачыненьні да Расеі і рэжыму Лукашэнкі не адбываецца, бо адпаведнае рашэньне блякуецца некаторымі чальцамі ЭЗ.
У прыватнасьці, адзначыў ён, Партугалія блякавала прыняцьце новага пакета санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, ставячы пытаньне аб зьняцьці санкцый зь беларускіх калійных угнаеньняў.
19 студзеня стала вядома, што краіны Эўразьвязу пачалі абмеркаваньне чарговага, 13-га па ліку пакета санкцый у дачыненьні да Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну.
Як паведамляе агенцтва Bloomberg, чакаецца, што новы пакет будзе ўхвалены да другой гадавіны ўварваньня, 24 лютага.
У санкцыйны сьпіс, як чакаецца, будуць уключаныя новыя фізычныя і юрыдычныя асобы, таксама будуць уведзеныя новыя гандлёвыя абмежаваньні і дадатковыя меры па барацьбе з абыходам санкцый.
18 сьнежня 2023 году ЭЗ прыняў 12-ы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, у які былі ўключаныя 12 грамадзян Беларусі.
Апошні на сёньня (сёмы) пакет эўрапейскіх санкцый адносна Беларусі быў уведзены ў жніўні 2023 году.