Каля расейскага Санкт-Пецярбуру — атака бесьпілётнікаў. Гарыць порт Усьць-Луга
Адзін з портаў Санкт-Пецярбургу, архіўнае фота
Пажар адбываецца каля суднаў, якія прыбылі ў порт.
У ноч на 21 студзеня порт Усьць-Луга зазнаў нападу бесьпілётнікаў. Іх мэтай стаў хімічны тэрмінал «Новатэк». Пашкоджана буйное газасховішча.
Ахвяр сярод пэрсаналу няма, піша пецярбурскі партал Fontanka.ru.
Паводле ягоных зьвестак, два бесьпілётнікі былі заўважаныя на падлёце да Пецярбургу прыкладна а 1:00. Аднак ужо перад горадам яны рэзка зьмянілі курс і накіраваліся ў бок Кінгісэпскага раёну Ленінградзкай вобласьці, дзе разьмешчаны тэрміналы порту Усьць-Луга.
Атакаваны хімічны завод «Новатэк». Выбухнуў адзін з газавых рэзэрвуараў. Згодна з губэрнатарам вобласьці, увесь пэрсанал быў своечасова эвакуаваны, абышлося без ахвяр. Штаб па ліквідацыі наступстваў ужо працуе ў Кінгісэпе.
Завод «Новатэк» ва Усьць-Лузе займаецца перапрацоўкай стабільнага газавага кандэнсату, канчатковыя прадукты — нафта, газа, дызэльная фракцыя і мазут. Завод разьмешчаны ў прыбярэжнай зоне, побач са спэцыялізаваным тэрміналам, на якім прадукцыя і сам газавы кандэнсат грузяцца на судны і адпраўляюцца на экспарт.
У момант выбуху ля прычалаў знаходзіліся тры буйныя танкеры, якія прыбылі ва Усьць-Лугу з Бэльгіі, Аману і Лібіі. Паведамленьняў аб іх пашкоджаньнях не паступала. Але пажар блізка ад іх.
Як і ў выпадку нападу на Пецярбурскі нафтавы тэрмінал 18 студзеня, прылёту бесьпілётнікаў папярэднічала ўвядзеньне пляну «Ковёр» («Дыван») у аэрапорце Пецярбургу. Вылеты і пасадкі адкладаліся, а самалёты, якія прыбывалі, кружлялі на падлёце да гораду.