Міністэрства культуры Славаччыны адмяніла забарону на супрацоўніцтва зь Беларусьсю і Расеяй

Міністар культуры Славаччыны Марціна Шымкавічава. Фота з сайту міністэрства культуры гэтай краіны.

Загад Міністэрства культуры Славаччыны пра забарону на кантакты і культурнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю і Расеяй скасаваны рашэньнем кіраўніцы гэтага ведамства Марціны Шымкавічавай, якая займае пасаду два з паловай месяцы, паведамляе мясцовае выданьне Pravda.

Праз вайну ва Ўкраіне, якую пачала Расея і падтрымаў рэжым у Беларусі, ранейшы міністар Натальля Міланава 2 сакавіка 2022 году загадала Міністэрству культуры, усім падведамасным арганізацыям і іх супрацоўнікам «спыніць любое акадэмічнае культурнае ці іншае аналягічнае афіцыйнае супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй ці Рэспублікай Беларусь да далейшага апавяшчэньня».

У распараджэньні выданьня Pravda апынуўся новы загад за подпісам цяперашняга міністра, паводле якога гэтая забарона спыніла дзейнічаць 15 студзеня 2024 году. Сапраўднасьць дакумэнту выданьню пацьвердзіла сама Шымкавічава праз свайго прэсавага сакратара Паўла Чорбу. «У сьвеце адбываюцца дзясяткі ваенных канфліктаў, і, на нашу думку, артысты і культура не павінны за гэта расплачвацца», — заявіла яна.

Загад Міланавай забараняў любыя кантакты з установамі Беларусі і Расеі, а таксама арганізацыямі, якія маюць фінансавыя сувязі зь дзяржаўнымі ці прыватнымі суб’ектамі гэтых краін. Любыя стасункі, «якія выходзяць за рамкі аднаразовага інфармаваньня аб прыпыненьні супрацы», лічылася «грубым парушэньнем працоўнай дысцыпліны».

  • 30 верасьня 2023 году на парлямэнцкіх выбарах у Славаччыне перамагла партыя «Смер-СД» экс-прэмʼера Робэрта Фіца.
  • у пачатку лістапада 2023 году сфармаваны ўрад Славаччыны на чале з Робэртам Фіца адмовіўся ўхваліць новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на суму 40,3 мільёна эўра. Пакет быў падрыхтаваны яшчэ пры ранейшым урадзе, які зьмяніўся ў выніку выбараў.
  • Краіна з насельніцтвам 5,5 мільёна чалавек, якая стала незалежнай у 1993 годзе пасьля распаду Чэхаславаччыны, заўзята падтрымлівал Ўкраіну з моманту ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году, перадаючы зброю і адкрываючы межы для ўцекачоў, якія ратаваліся ад вайны.