У Расеі, недалёка ад Беларусі, пасьля атакі дронаў гарыць нафтабаза; у Тамбове заявілі аб нападзе на парахавы завод

Адна з папярэдніх дронавых атак Украіны на Бранскую вобласьць. Ілюстрацыйнае фота

Гараць чатыры рэзэрвуары з нафтапрадуктамі. Пажару прысвоілі павышаны ранг складанасьці.

Губэрнатар Бранскай вобласьці Расеі Аляксандар Багамаз заявіў аб украінскай атацы на Клінцоўскую нафтабазу — яна знаходзіцца на адлегласьці менш за 100 кілямэтраў ад Добрускага раёну Гомельскай вобласьці.

«Бесьпілётны лятальны апарат самалётнага тыпу падавілі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы Міністэрства абароны Расеі. Пры зьнішчэньні паветранай цэлі адбылося скіданьне боепрыпасу на тэрыторыю Клінцоўскай нафтабазы», — паведаміў Аляксандар Багамаз у сваім тэлеграм-канале.

Пазьней ён удакладніў, што гараць чатыры рэзэрвуары з нафтапрадуктамі. Пажару прысвоілі павышаны ранг складанасьці.

«У мэтах бясьпекі 32 жыхары прыватнага сэктару часова эвакуавалі да сваякоў. Падрыхтавалі пункт часовага разьмяшчэньня насельніцтва. Спэцыялісты Расспажыўнагляду ажыцьцяўляюць кантроль максымальна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў у паветры», — паведаміў губэрнатар Бранскай вобласьці.

Яшчэ адзін расейскі губэрнатар, кіраўнік Тамбоўскай вобласьці Максім Ягораў, заявіў аб спробе ўкраінскай атакі на мясцовы парахавы завод. Паводле яго, супрацоўнікі заводу знайшлі бесьпілётнік уначы.

«Усе неабходныя захады для бясьпекі нашых жыхароў выканалі і выконваюцца. Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме. Сытуацыя знаходзіцца пад кантролем», — заявіў Максім Ягораў.

Летась у чэрвені на гэтым заводзе адбыўся выбух, тады загінулі 5 чалавек і 13 былі шпіталізаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі: у Расеі засталося восем А-50 пасьля зьбіцьця такога самалёта над Азоўскім морам

Што паведамілі ва Ўкраіне

Ва Ўкраіне афіцыйна не камэнтуюць сытуацыі ў Бранскай вобласьці. У той жа час украінскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы ў выведных органах пацьвярджаюць атаку на расейскія аб’екты — на Тамбоўскі парахавы завод і нафтабазу ў Клінцах.

«Наступствы атакі па парахавым заводзе ўдакладняюцца, а вось у Клінцах ёсьць значныя пашкоджаньні вайсковага аб’екта», — паведаміла выданьне «Українська правда».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі заявілі, што перахапілі ўкраінскія дроны ў Ленінградзкай вобласьці. У Кіеве не камэнтуюць