Прарасейская актывістка Бондарава балятуецца ў дэпутаты Менскага гарадзкога савету

Вольга Бондарава, архіўнае фота

У яе акрузе балятуюцца яшчэ два чалавекі, зьвязаныя з уладамі.

Вядомая сваімі выказваньнямі і дзеяньнямі супраць беларускай мовы і культуры і за пашырэньне русыфікацыі Вольга Бондарава вылучылася кандыдаткай у гарадзкі савет па Шугаеўскай выбарчай акрузе № 57 у Менску. Яна прадстаўляе Камуністычную партыю Беларусі.

Канкурэнтамі па акрузе для Бондаравай выступаюць беспартыйны ідэоляг вайсковай часткі 3214 Міхаіл Адамчык і намесьніца дырэктаркі гімназіі № 38 у выхаваўчай працы Сьвятлана Пазьняк, якая прадстаўляе «Белую Русь», што нядаўна ператварылася з руху ў партыю.

Імя Бондаравай у сьпісах заўважыў блогер Ільля Бягун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што сабой уяўляе і з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі? Тлумачыць экспэрт iSANS Аўсеюшкін

Да Вольгі Бондаравай пасьля яе праекту «Інфаспэцназ» прыляпілася мянушка «інфаказачка». Цягам апошніх двух гадоў імя горадзенскай актывісткі гучыць часта. Саракагадовая Бондарава запатрабавала прыбраць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве; яна змагаецца зь беларускай лацінкай.

Прычым змагацца яна пачала ня толькі з праціўнікамі ўлады, але і зь некаторымі яе прыхільнікамі. Летась яна раскрытыкавала кіраўніка Горадзенскай вобласьці Ўладзімера Караніка за здымак з сырам у гонар сьвятога Губэрта. Сьвятога яна назвала «бэльгійскім біскупам, кімсьці па-езуіцку хітрым і дальнабачным прызначаным „заступнікам“ Горадні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бондарава: «Мне пад пагрозай валуна ў падваротні забаранілі крытыкаваць любых небажыхароў»

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.