Камісія ўраду РФ ухваліла канфіскацыю маёмасьці ў асуджаных за «фэйкі пра армію»

Улётка на помніку ў Казані

Камісія па законапраектнай працы ўраду Расеі ўхваліла ідэю канфіскацыі маёмасьці ў асуджаных паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу аб так званых «фэйках» аб расейскай арміі і публічных закліках да дэзэртырства, калі гэтыя дзеяньні былі ўчынены «з карысьлівых матываў».

RTVI паведамляе, што законапраект быў распрацаваны дэпутатамі Дзярждумы ад «Адзінай Расеі», суаўтарамі многіх рэпрэсіўных законаў Васілём Піскаровым, Ірынай Яравой і Аленай Ямпольскай. Згодна з падрыхтаваным імі дакумэнтам, артыкулы Крымінальнага кодэксу аб «фэйках» і закліках да дэзэртырства будуць уключаныя ў пералік злачынстваў, за ўчыненьне якіх прадугледжана канфіскацыя.

Законапраект пакуль яшчэ ня ўнесены ў Дзярждуму на ўхваленьне дэпутатаў. Гэта плянуецца зрабіць у найбліжэйшы час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскаму апазыцыянэру Яшыну прысудзілі 8,5 года зьняволеньня за словы пра забойствы ў Бучы

Раней кіраўнік Сьледчага камітэту РФ Аляксандр Бастрыкін паведаміў, што з моманту зьяўленьня ў Крымінальным кодэксе артыкулу аб «фэйках аб расейскім войску» ведамства распачала 273 адпаведныя крымінальныя справы. Яшчэ 81 крымінальная справа была распачатая паводле артыкулу аб так званай дыскрэдытацыі дзеяньняў Ўзброеных сілаў Расеі.

Пры гэтым фэйкамі і дыскрэдытацыяй суды прызнаюць фактычна любую інфармацыю аб вайне ва Ўкраіне, якая супярэчыць афіцыйнай пазыцыі Крамля. Як мінімум палову прысудаў у справах аб «фэйках аб арміі» суды вынесьлі за выказваньні аб забойстве цывільных жыхароў Украіны расейскімі вайскоўцамі, падлічыла раней «Вёрстка».