У Кіеве заявілі аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі за плянаваньне дывэрсіі супраць энэргетыкі Ўкраіны
У часе затрыманьня грамадзяніна Беларусі. Фота Службы бясьпекі Ўкраіны
Паводле сьледзтва, беларус у складзе ПВК «Вагнэр» штурмаваў Бахмут, а потым вярнуўся ў Беларусь, дзе атрымаў заданьне ад свайго расейскага куратара.
У Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) заявілі аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі, які цягам 2014–2017 гадоў ваяваў у складзе незаконных узброеных фармаваньняў у так званых «ЛДНР», а пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе падпісаў кантракт з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр».
Як адзначаецца ў паведамленьні СБУ, яго затрымалі ў часе шматэтапнай спэцыяльнай апэрацыі: інфармацыю аб плянах украінская спэцслужба атрымала ў той час, калі «дывэрсант» знаходзіўся яшчэ на тэрыторыі Беларусі.
«Ён атрымаў заданьне прыбыць зь Беларусі ў Ровенскую вобласьць для карэктаваньня паветраных атак Расеі па энэргетычнай інфраструктуры», — паведамілі ў СБУ.
Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня, украінская спэцслужба дакумэнтавала ўсе ягоныя дзеяньні, пачынаючы ад перасячэньня мяжы і да прыбыцьця на месца дывэрсіі, якая плянавалася.
«Злачынца злавілі на „гарачым“: ён спрабаваў прымацаваць некалькі GPS-трэкераў да слупоў ЛЭП, якія забясьпечваюць Кіеўскую аглямэрацыю. Па сыгналах „маякоў“ акупанты хацелі нанесьці дакладны ўдар па энэргетычных аб’ектах, у тым ліку з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў-камікадзэ тыпу „Шагед“. Як высьветліла сьледзтва, затрыманы зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, які ўваходзіць у агентурны апарат расейскага галоўнага ўпраўленьня выведкі», — паведамілі ў СБУ.
Паводле сьледзтва, гэты беларус у складзе ПВК «Вагнэр» штурмаваў Бахмут, а потым вярнуўся ў Беларусь, дзе і атрымаў заданьне ад свайго расейскага куратара.
Грамадзяніну Беларусі інкрымінуюць дывэрсію і ўдзел у тэрарыстычнай групе ці арганізацыі. Паводле артыкулаў 113 і ч. 1 артыкулу 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з або без канфіскацыі маёмасьці.
Сярод рэчаў, якія знаходзіліся на месцы затрыманьня, быў і пашпарт Украіны, як гэта вынікае з фота, апублікаваных Службай бясьпекі Ўкраіны.