Ужо сёньня: Гарбачоў запатрабаваў, каб Літва адмовілася ад незалежнасьці

Савецкія войскі каля тэлецэнтру ў Вільні, студзень 1991

Падзеі 10 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1569 — у Люблінскім замку пачалося паседжаньне сэйму, якое папярэднічала Люблінскай уніі.

1863 — у Лёндане пачало працаваць першае ў сьвеце мэтро.

Лёнданскае мэтро, станцыя Бэйкер стрыт, літаграфія

1946 — у Лёндане пачалася першая сэсія Генэральнай асамблеі ААН.

1989 — пасьля 72-гадовага перапынку пачала працаваць Менская духоўная вучэлльня — спачатку як аднагадовыя курсы псаломшчыкаў.

1990 — адбыліся першыя заняткі ў ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

1991 — прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў запатрабаваў ад Вярхоўнага Савету Літвы адмены акту аб незалежнасьці і аднаўленьня савецкай Канстытуцыі. Гэта патрабаваньне было падмацавана вайсковай сілай, што скончылася штурмам віленскага тэлецэнтру і ахвярамі сярод цывільных асобаў. Пазьней літоўскі суд асудзіў шэраг вінаватых у гэтай справе, некаторыя дагэтуль у міжнародным вышуку. Генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, які камандаваў віленскім гарнізонам, а пазьней быў намесьнікам міністра абароны Беларусі, Менск адмовіўся выдаць Літве.

Вільня ў студзені 1991 году

2023 — Радыё Свабода адкрыла новы офіс у Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У горадзе Скарыны і Каліноўскага». Адкрыцьцё бюро Радыё Свабода ў Вільні з удзелам прэзыдэнтаў. ФОТА

У гэты дзень нарадзіліся

1597 — Пятро Магіла, рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай.

1892 — Мэльхіёр Ваньковіч, польскі пісьменьнік, родам зь Беларусі.

1896 — Георгі Лаўроў, беларускі архітэктар.

1905 — Тацяна Бірыч, беларускі афтальмоляг, доктар мэдычных навук.

1930 — Фёдар Капуцкі, хімік, рэктар БДУ ў 1990-1996 гадах.

1934 — Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Краўчук: Ня веру, што Лукашэнка можа доўга супраціўляцца Пуціну

1966 — Яраслаў Раманчук, беларускі палітык і эканаміст.

Яраслаў Раманчук

У памяці

1684 — Крыштаф Жыгімонт Пац, вялікі канцлер літоўскі.

1778 — Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнавец, стваральнік адзінай сыстэмы расьліннага і жывёльнага сьвету.

1906 — Цэлястын Цеханоўскі, лекар, паплечнік Каліноўскага (памёр на катарзе).

1994 — Генадзь Каханоўскі, беларускі гісторык і краязнаўца.

Зоська Верас, Аляксей Пяткевіч і Генадзь Каханоўскі

2004 — Алесь Усюкевіч, сакратар падпольнага Саюзу вызваленьня Беларусі, які дзейнічаў у Наваградку ў 1946-1947 г.г.

2017 — Валеры Панамароў, кінарэжысэр, у 1990-х зьняў фільм «Тутэйшыя» паводле славутага твору Янкі Купалы і «На чорных лядах» паводле апавяданьняў Васіля Быкава.