Пра гэта паведамляе японскае выданьне Nikkei са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Сваёй заявай, на думку суразмоўцаў выданьня, Пуцін спрабаваў запэўніць Кітай, што зацяжная вайна выгадная Расеі і ў канчатковым выніку Масква выйдзе зь яе пераможцам. Гэтая заўвага была таксама папярэджаньнем Сі не мяняць сваю прарасейскую пазыцыю, мяркуюць крыніцы Nikkei.
Аднак кіраўніцтва Кітаю наўрад ці давярае заяве Пуціна пра намер весьці вайну пяць гадоў, мяркуе выданьне.
Зыходзячы з гэтых слоў, Nikkei робіць выснову, што «ня варта прымаць за чыстую манэту» і сыгналы Пуціна праз дыпляматычныя каналы наконт гатоўнасьці да перамоваў аб спыненні агню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Байдэн і Сі Цзіньпін адмовіліся ўдзельнічаць у онлайн-саміце G20 з Пуціным. Шольц заклікаў яго спыніць вайну супраць Украіны23 сьнежня газэта The New York Times са спасылкай на двух былых высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў паведаміла, што Ўладзімір Пуцін пачынаючы зь верасьня 2023 году праз розныя дыпляматычныя каналы падае сыгналы наконт гатоўнасьці пачаць перамовы аб спыненьні агню з Украінай і замарозіць канфлікт па цяперашняй лініі фронту, пакінуўшы Расеі акупаваныя тэрыторыі.
На думку суразмоўцаў Nikkei, магчыма, Пуцін хоча проста стварыць ілюзію таго, што ён рухаецца да спыненьня агню ці нават да міру перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі ў сакавіку, мяркуючы, што такая атмасфэра будзе спрыяць яму падчас галасаваньня.
У сакавіку падчас візыту кітайскага лідэра ў Маскву Пуцін і Сі абмяркоўвалі плян мірнага ўрэгуляваньня вакол Украіны, прапанаваны Пэкінам. У Кіеве тады заяўлялі, што кітайскі плян хутчэй задавальняе інтарэсы Расеі, у той час як урэгуляваньне канфлікту магчымае толькі пры ўмове вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны.
Пра тое, што кітайскія прапановы па ўрэгуляваньні канфлікту ў большай ступені выгадныя Расеі, а не Ўкраіне, раней заяўлялі ЗША і Эўразьвяз. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што візыт Сі Цзіньпіна ў Маскву сьведчыць пра тое, што Кітай рыхтуе «дыпляматычнае прыкрыцьцё» меркаваным расейскім злачынствам ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
New York Times: Пуцін пасылае сыгналы, што гатовы да перамоваў аб «замарозцы» вайны, яму ня верацьГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ: Пуцін вырашыў ваяваць да перамогі і пагражае ЭўразьвязуГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка сустрэўся зь Сі Цзіньпінам і падзякаваў «вялікаму Кітаю»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.