Расейская армія зноў абстраляла Херсон, загінулі чацьвёра мірных жыхароў

Наступствы аднаго з расейскага абстрэлаў Херсону ў сьнежні 2023

Расейскія войскі ў ноч на нядзелю абстралялі цэнтар Херсона. У суботу таксама быў абстрэл.

Як паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін, у разбураным ракетай жылым доме загінула пажылая сямейная пара. Яшчэ два целы знойдзены пад заваламі ў суседнім раёне, вядзецца іх апазнаньне. Пацярпелі дзевяць мясцовых жыхароў, у тым ліку адно дзіця. Усяго па Херсоне ўначы быў выпушчаны 71 снарад.

Паветраныя сілы Украіны заявілі, што ў ноч на 24 сьнежня атакі бесьпілётнікаў тыпу «Шагед» былі ў Мікалаеўскай, Хмяльніцкай, Запароскай, Днепрапятроўскай і Кіраваградзкай вобласьці Ўкраіны. 14 з 15 БПЛА зьбілі сілы СПА. Напады вяліся з раёна Прыморска-Ахтарску ў Краснадарскім краі.

Напярэдадні Херсон таксама падвяргаўся абстрэлу. Паведамлялася аб пападаньні ў аб’ект крытычнай інфраструктуры, вынікам якога сталі пажары — паведамлялася аб пашкоджаньні газаправоду. Інфармацыі аб пацярпелых не было.

У 2022 годзе расейская армія адступіла з раней захопленага Херсону, але горад уключылі ў расейскую Канстытуцыю як нібыта цэнтар анэксаванай Херсонскай вобласьці. Абстрэлы Херсона працягваюцца больш за год.

Расейскія войскі абстрэльваюць Ўкраіну штодня. Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што наносіць удары выключна па вайсковых абʼектах, гібелі мірных жыхароў і разбурэньняў цывільнай інфраструктуры ведамства не камэнтуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Брытанская выведка: Расея перайшла да «маштабных нападаў» на ўкраінскую энэргетыку