Страты расейскіх вайскоўцаў на вайне ва Ўкраіне ў 2023 годзе вырасьлі ў паўтара раза
Страты расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне ў 2023 годзе аказаліся ў паўтара раза вышэйшыя, чым у 2022 годзе, і дасягнулі з пачатку ўварваньня 80 тысяч чалавек забітымі.
Да такой высновы прыйшлі журналісты Расейскай службы ВВС на аснове пайменнага сьпісу загінулых, які вядзе рэдакцыя на аснове адкрытых крыніцаў.
Журналісты ВВС і «Медиазоны» разам з камандай валянтэраў адсочваюць паведамленьні пра гібель вайскоўцаў, якія публікуюцца рэгіянальнымі адміністрацыямі, сваякамі і сябрамі, а таксама зьяўляюцца ў публічных рэестрах. На канец сьнежня ім удалося ўстанавіць імёны больш як 40 тысяч расейцаў, якія загінулі за ўвесь час уварваньня ва Ўкраіну. Паводле ацэнкі, рэальная колькасьць загінулых можа быць як мінімум у два разы вышэйшая.
З улікам вайскоўцаў падразьдзяленьняў сэпаратыстаў, якія не ўваходзяць у падлік, колькасьць загінулых можа перавышаць 100 тысяч. Яшчэ 200 тысяч, як мяркуецца, былі цяжка параненыя і ня могуць вярнуцца ў шыхт.
З устаноўленых імёнаў 15520 загінулі летась, а сама меней 24100 — у 2023-м. Найбольшыя страты за ўвесь час вайны Расея панесла зімой сёлета — падчас спробы наступу ў Данбасе. Зь сярэдзіны сьнежня па сакавік тэмп прыросту стратаў у два разы перавышаў сярэднія паказчыкі 2022 году, расказвае ВВС.
Зьмяніўся і дэмаграфічны склад стратаў. У 2022 годзе тыповаму расейцу, які загінуў на фронце, быў 21 год, гэта быў вайсковец-кантрактнік. Сёлета тыповы расейскі вайсковец, забіты ва Ўкраіне, — гэта 34-гадовы зьняволены, які адправіўся на фронт проста з калёніі, сьведчыць статыстыка.
Вялікая доля стратаў прыпадае на пераважна бедныя рэгіёны, якія адчуваюць недахоп прыродных рэсурсаў. Па падліках ВВС, для жыхароў Тувы і Бураціі імавернасьць быць забітым на вайне ва Ўкраіне ў гэтым годзе была ў 30-40 разоў вышэйшая, чым для масквічоў. Аднак большасьць расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне, — гэта славяне і, у першую чаргу, этнічныя расейцы, гаворыцца ў дасьледаваньні.
Вясной 2022 году доля славянскіх імёнаў у сьпісах загінулых складала 75%, расказвае ВВС. Увесну 2023 яна вырасла да 85%.
Дзьве траціны ўсіх устаноўленых загінулых — гэта тыя, хто да пачатку ўварваньня ня быў зьвязаны з арміяй — мабілізаваныя, зьняволеныя, добраахвотнікі і найміты, вынікае з аналізу. У шматлікіх выпадках працэс падрыхтоўкі такіх вайскоўцаў доўжыцца ўсяго некалькі дзён. Нават у Савецкім Саюзе салдат тэрміновай службы перад адпраўкай у Афганістан трэніравалі 4-6 месяцаў, адзначае ВВС.
Ні Масква, ні Кіеў не раскрываюць сваіх стратаў у вайне ва Ўкраіне, расказваючы толькі пра страты праціўніка. Бакі ваенных канфліктаў схільныя перабольшваць свае посьпехі і прымяншаць няўдачы. Дасьледаваньне ВВС і «Медиазоны» — адна з найважнейшых незалежных ацэнак колькасьці загінулых.
Заходнія СМІ неаднаразова пісалі, што Ўкраіна хавае страты сваіх вайскоўцаў і ад саюзьнікаў. Адну з апошніх ацэнак заходніх выведак па загінулых давала ў жніўні газэта The New York Times. Сьцьвярджалася, што на вайне загінулі да 120 тысяч расейскіх і да 70 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Агульную колькасьць стратаў зь цяжка параненымі крыніцы выданьня ацанілі ў 500 тысяч.