ААН: з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі больш за 10 тысяч цывільных, у тым ліку 560 дзяцей

Вярхоўны камісар у правах чалавека ААН Фолькер Цюрк (у цэнтры). Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ 18 500 мірных жыхароў атрымалі раненьні, многія зь іх — цяжкія.

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Цюрк заявіў, што Маніторынгавая місія ў правах чалавека ва Ўкраіне зафіксавала 142 выпадкі расстрэлаў цывільных грамадзян на тэрыторыі, якую кантралююць або захапілі расейскія вайскоўцы.

«На акупаванай тэрыторыі мы задакумэнтавалі шырока распаўсюджаныя катаваньні і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі, у тым ліку сэксуальны гвалт, а таксама вялікую колькасьць гвалтоўных зьнікненьняў. Акрамя таго, Расейская Фэдэрацыя часта не прымала адэкватных захадаў для абароны цывільнага насельніцтва і цывільных аб’ектаў ад наступстваў іх абстрэлаў», — заявіў Фолькер Цюрк.

Паводле яго, маніторынгавая місія зафіксавала і пацьвердзіла больш за 10 000 сьмерцяў сярод цывільнага насельніцтва зь лютага 2022 году, у тым ліку звыш 560 дзяцей.

«Яшчэ 18 500 мірных жыхароў атрымалі раненьні, многія зь іх цяжкія. Сапраўдныя страты, імаверна, значна вышэйшыя», — заявіў Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Цюрк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў атакавала Ўкраіну ракетамі і дронамі, ёсьць ахвяра. У Маскве таксама заявілі пра напад дронаў