Выведка ЗША ацаніла, што Расея на вайне ва Ўкраіне страціла 315 тысяч салдатаў

Падбіты расейскі танк у Харкаўскай вобласьці, люты 2023

Вядзецца разам пра забітых, параненых і палонных расейскіх салдатаў.

Рассакрэчаная справаздача выведкі ЗША ацаніла, што вайна ва Ўкраіне каштавала Расеі 315 000 забітых і параненых вайскоўцаў, або амаль 90% асабовага складу, які быў у яе на момант пачатку ўварваньня, паведаміла крыніца, піша Reuters.

У дакладзе адзначаецца, што страты Масквы ў асабовым складзе і бранятэхніцы адкінулі расейскую вайсковую мадэрнізацыю на 18 гадоў назад.

У нядаўна рассакрэчанай справаздачы выведкі ЗША гаворыцца, што Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году з кантынгентам у 360 000 чалавек.

З таго часу, паводле справаздачы, 315 000 расейскіх вайскоўцаў, або каля 87% ад агульнай колькасьці, зь якой яны пачалі вайну, былі забітыя або параненыя.

Гэтыя страты зьяўляюцца прычынай таго, што Расея аслабіла стандарты набору для разгортваньня ва Ўкраіне, дадала крыніца.

«Маштаб страт вымусіў Расею прыняць экстраардынарныя меры для падтрыманьня сваёй баяздольнасьці. Расея абвясьціла частковую мабілізацыю 300 000 чалавек у канцы 2022 году і зьмякчыла стандарты, каб дазволіць вэрбаваньне асуджаных і пажылых цывільных», — гаворыцца ў справаздачы.

Расейская армія пачала вайну з 3100 танкамі, страціла 2200 зь іх. Расейцы былі вымушаны кампэнсаваць гэта танкамі T-62 вытворчасьці 1970-х гадоў, пакінуўшы на полі бою толькі 1300 танкаў, цытуе крыніца ппаведамленьне выведкі ЗША.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі таксама мяркуюць, што агульныя страты расейскай арміі з пачатку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году перавысілі 300 тысяч вайскоўцаў.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны 4 сьнежня ацанілі колькасьць расейскіх стратаў на ўзроўні 332,8 тысячы вайскоўцаў. Аб сваіх стратах ва ўкраінскім Генэральным штабе не паведамляюць.

Раней міжнародныя экспэрты ацэньвалі страты Расеі і Ўкраіны як парытэтныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі ацаніла страты расейскай арміі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Журналісты пацьвердзілі гібель 37 052 расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.