Кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч атрымаў узнагароду ад Дзярждэпартамэнту ЗША

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен уручае прэмію Станіславу Івашкевічу.

Кіраўніку Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) Станіславу Івашкевічу ўручылі ўзнагароду Anti-Corruption Champions Award (ACCA). Ёй заахвочваюць актывістаў і журналістаў за ўнёсак у барацьбу з карупцыяй.

Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 7 сьнежня ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША ў Вашынгтоне. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адзначыў, што прэмія Станіславу Івашкевічу ўручаецца «за ягоную непахісную адданасьць барацьбе з карупцыяй і ўзмацненьню ўзьдзеяньня санкцый супраць Расеі і Беларусі».

«Як часта бывае, на ўзнагароджаньні — імя толькі аднаго з нас. Але гэтае прызнаньне заслугаў абсалютна кожнага [сябра каманды БРЦ]. Мы працуем не дзеля ўзнагарод, але гэта добрая інфападстава прыгадаць, што, робячы сваю справу дзень за днём, кожны з нас на сваім месцы ў БРЦ мяняе сьвет», — сказаў пасьля цырымоніі Станіслаў Івашкевіч.

Сёлета Беларускі расьсьледніцкі цэнтар выпусьціў каля двух дзясяткаў расьсьледаваньняў, дзе раскрыў карупцыйныя схемы, шляхі абыходу санкцый ЭЗ і ЗША, на якіх зарабляе сям’я Аляксандра Лукашэнкі і набліжаныя да яе. За 2023 год БРЦ раскрыў схемаў больш як на $3 млрд.

Сярод іншага, БРЦ высветліў, што:

  • Самы буйны «нафтавы кашалёк» Лукашэнкі Анатоль Тарнаўскі пазьбягае згадкі свайго імя нават у дакумэнтах уласных кампаній, што дапамагае яму гадамі сыходзіць ад санкцый;
  • Аляксандр Лукашэнка і людзі зь ягонага атачэньня спрыяюць вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны — спачатку яны трапляюць у Раею, пасля некаторыя апынаюцца ў Беларусі;
  • Другую хвалю міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі ЭЗ справакавала Расея, а на мігрантах зараблялі турфірмы пры падтрымцы беларускіх сілавікоў;
  • Некаторыя прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы, нягледзячы на санкцыі Эўразьвязу, працягваюць прадаваць беларускую драўніну ў Эўразьвяз. Дапамагае Беларусі абыходзіць эмбарга Казахстан і Кыргызстан;
  • Лукашэнка «контрсанкцыйным» указам стварыў на рынку Беларусі штучны дэфіцыт прадуктаў з ЭЗ. Ягоны сябра, бізнэсовец Сяргей Цяцерын увозіць некаторы імпарт у абыход санкцыяў і прадае беларусам па больш высокіх цэнах.
  • У тым ліку дзякуючы расьсьледаваньням БРЦ 5 сьнежня Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла ў санкцыйны сьпіс уладальніка «Амкадора», бізнэсмэна Аляксандра Шакуціна.

  • ACCA заснаваў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у лютым 2021 году. Сёлета ўзнагароду атрымалі 11 ляўрэатаў, у тым ліку зь Індыі, Кыргызстану і Чарнагорыі. За ўвесь час існаваньня ACCA ёй адзначылі 43 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы часта бачым былых сілавікоў у структурах „гаманцоў“ Лукашэнкі», — кіраўнік БРЦ Івашкевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд прызнаў «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», які выкрывае злачынствы чыноўнікаў, «экстрэмісцкай арганізацыяй»