Пра прызнаньне БРЦ экстрэмісцкай арганізацыяй паведаміла Генэральная пракуратура.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, такое рашэньне прыняў судзьдзя Сяргей Мікалаеў.
Судовы працэс пры гэтым праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ.
На думку Генпракуратуры Беларусі, інфармацыя, якую публікуе БРЦ, падаецца так, каб:
«сьвядома павысіць узровень напружанасьці ў грамадзтве,
стварыць атмасфэру непрыманьня дзеяньняў органаў дзяржулады,
падарваць аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне».
У БРЦ паведамілі, што суд забараніў прадстаўнікам арганізацыі ўдзельнічаць у пасяджэньні па відэасувязі, што, паводле іх, «сьведчыць аб прадузятасьці судзьдзі». Суд спасылаецца на тое, што ў Чэхіі, дзе зарэгістраваны БРЦ, нібыта няма дамоўленасьці зь Беларусьсю аб удзеле ў судах праз відэасувязь. Гэта, як зазначае БРЦ, няпраўда.
У адказ на рашэньне суду БРЦ заявіў, што ад гэтага часу будзе выпускаць свае расьсьледаваньні на беларускай мове з расейскімі ангельскімі субтытрамі. Таксама расьсьледавальнікі паабяцалі «нарасьціць абароты».
«Летась мы раскрылі карупцыйных схем у Беларусі і за яе межамі на мільярд даляраў, сёлета – пастараемся павялічыць гэты паказьнік», – заявіў кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч.
Беларускі расьсьледніцкі цэнтар — незалежная арганізацыя, якая спэцыялізуецца на журналісцкіх расьсьледаваньнях. БРЦ — сябра Міжнароднага цэнтру дасьледаваньняў карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), пэрыядычна супрацоўнічае з журналістамі зь іншых краін у межах сумесных расьсьледаваньняў.
Журналісты БРЦ — ляўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расьсьледаваньні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гадах.
У канцы чэрвеня 2022 году на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі ў Беларусі быў абмежаваны доступ да сайту Беларускага расьсьледніцкага цэнтру. Гэта адбылося пасьля таго, як там выйшаў матэрыял пра маёмасьць беларусаў у Дубаі.
Генпракурор Андрэй Швед на прапанову старшыні Камітэту дзяржбясьпекі Івана Тэртэля яшчэ ў лютым 2023 накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнаньні БРЦ экстрэмісцкай арганізацыяй і выступіў з хадайніцтвам аб забароне яе дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі.
Апошнім часам БРЦ актыўна займаецца расьсьледаваньнем таго, як беларускім дзяржаўным прадпрыемствам удаецца абыходзіць замежныя санкцыі.