Валянтэры зьвярнуліся да тых, хто цяпер жыве не ў Беларусі і арганізоўваў мірны сход або ўдзельнічаў у такіх сходах з просьбай запоўніць да 15 сьнежня 2023 г. ананімную анкету.
Гэта, паведамляюць валянтэры «Вясны», дапаможа высьветліць, як працуе права на мірныя сходы ў краінах, дзе жывуць беларусы.
— Пытаньне даследуюць людзі з профільнай юрыдычнай адукацыяй, а таксама і іншыя спэцыялісты і спэцыялісткі, якім важна разьбірацца ў гэтай тэме, — патлумачыла Любоў Ланіна, адна з каардынатарак праекту. — У дапаможніку будуць адказы на пытаньні, што трэба ўлічваць пры арганізацыі і правядзеньні мірных сходаў: ці трэба іх рэгістраваць, празь якія органы, як камунікаваць з паліцыяй і іншым залучаным пэрсаналам, што трэба зрабіць пасьля мірнага сходу. Усё будзе падзелена па краінах.
Праваабаронцы мяркуюць, што вывучаны досьвед дапаможа ў будучыні дапасаваць беларускае заканадаўства да міжнародных стандартаў, пераняць найлепшыя практыкі рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў.