Дзіцячыя турмы. Як улады спрашчаюць накіраваньне падлеткаў у спэцшколы

Улады прапаноўваюць зьмены ў заканадаўстве, якія дазволяць бацькам самім, без суду, «здаваць» дзяцей у закрытыя спэцшколы. Якія папраўдзе, будзьма шчырымі, маюць надта шмат агульнага з дарослымі калёніямі.

Такія школы ў Беларусі ўжо існуюць, але раней накіраваць у іх можна было толькі паводле рашэньня суду, калі супраць падлетка распачалі крымінальную справу, але караць яго ці яе нельга праз надта малы ўзрост альбо затрымку ў разьвіцьці. Цяпер жа ўсё будзе прасьцей – дастаткова заявы бацькоў з дакумэнтальным пацьверджаньнем, што падлетак ужываў алькаголь ці наркотыкі.

У спэцшколе абяцаюць рэабілітацыю, але называйма рэчы сваімі імёнамі – сапраўднай рэабілітацыяй там і ня пахне. Затое вельмі «пахне» дарослай турмой – гэта закрытая тэрыторыя, дзе падлеткаў надглядаюць, іх ліставаньне з бацькамі цалкам правяраюць, як і ўсе пасылкі і перадачы. Бывае, што званіць родным дазваляюць толькі ў прысутнасьці супрацоўнікаў спэцшколы. Такім чынам, падлетак ня мае магчымасьці нават паскардзіцца, калі зь ім ці ёй кепска абыходзяцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Дэанон“ — псыхалягічная зброя». 15-гадовы стваральнік тэлеграм-каналу пра сілавікоў уцёк ад перасьледу за мяжу

Там ёсьць нават дзіцячы аналяг штрафнога ізалятару, куды накіроўваюць за розныя парушэньні. Толькі калі ў турме ў гэтага памяшканьня адэкватная назва, дык у спэцшколах такія «адзіночныя камэры» называюцца пакоямі рэадаптацыі.

Мне страшна ўявіць, зь якімі менавіта намерамі прымаецца новы закон, які дазволіць бацькам самім здаваць дзяцей у спэцшколы. Ці будуць іх вымушаць гэта рабіць? Ці стануць называць новы парадак прафіляктыкай злачынстваў сярод малалетніх? Бо цяпер, атрымліваецца, пакараць дзіця спэцшколай можна яшчэ і да ўчыненьня злачынства. Я, вядома ж, зусім інакш уяўляю сабе прафіляктычныя меры, але дзе мае ўяўленьні пра сьвет, а дзе хворыя фантазіі рэжыму Лукашэнкі!

Дарэчы, дзяржаве адправіць падлетка ў спэцшколу цяпер будзе таксама прасьцей. Нават калі суд не ўхваляе такую меру, гэта ўсё адно можна зрабіць, калі пасьля адмовы суду падлетак учыніць адміністрацыйнае правапарушэньне з адпаведнага сьпісу. А ў сьпісе ёсьць вельмі цікавыя пункты – напрыклад, дробнае хуліганства, якім у Беларусі прызнаюць увогуле што заўгодна, ці занятак прастытуцыяй. То бок падлеткаў (і гэта амаль заўжды дзяўчаты), якія ўцягнутыя ў гандаль людзьмі і якія (да 16 гадоў) адназначна сталі ахвярамі цяжкага злачынства, за гэта караюць накіраваньнем у спэцшколу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя пра вялікае зло. Беларускія фатографы стварылі праект пра разлучаныя сем’і ўкраінскіх уцекачоў

Ад жорсткасьці і цынічнасьці гэтага новага закону адымае мову нават у мяне, хоць здавалася б, я даўно шчыльна працую з тэмай сацыяльнай несправядлівасьці і бачыла рознае. Зрэшты, рэжым Лукашэнкі рэгулярна падкідвае новыя нагоды для абурэньня, і адвыкаць ад гэтага не даводзіцца. Але ідэалягізацыі і мілітарызацыі звычайных школ ім мала. Яны хочуць ісьці яшчэ і яшчэ далей.

Яны заўжды хочуць ісьці далей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.