У Менску прайшлі ператрусы ў сяброў Каардынацыйнай рады, якія выехалі за мяжу
Дом Паўла Латушкі, 2020 год
У Менску 28 лістапада адбываюцца ператрусы ў людзей, зьвязаных з Каардынацыйнай радай.
ГУБАЗіК правёў ператрус у аналітыка і сябра КР Сяргея Чалага, піша Вясна. Сяргей Чалы знаходзіцца ў эміграцыі.
Фатаздымкі пасьля ператрусу апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Ператрус адбыўся і дома ў Паўла Латушкі і іншых сяброў каманды НАУ.
Сёньня да родных многіх супрацоўнікаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, а таксама ў кватэры, дзе яны раней жылі, прыйшлі сілавікі з вобшукам.
Паводле зьвестак тэлеграм-каналу Паўла Латушкі, гэта адбываецца адначасова, масава і датычыцца прадстаўнікоў многіх дэмакратычных сілаў Беларусі.
Таксама ператрус на месцы рэгістрацыі ў Беларусі прайшоў і ў колішняга лідэра «Маладога фронту» Артура Фінькевіча, які ўжо 3 гады як за мяжой.
«Сёньня на адрас маёй рэгістрацыі ў Менску прыходзілі сілавікі. На мяне заведзеныя некалькі крымінальных справаў (... ) [Я] ня жыў на месцы рэгістрацыі каля 9 гадоў, ні рэчаў, ні маёмасьці ў Беларусі ня маю», — напісаў Фінкевіч у фэйсбуку.
Улады хочуць канфіскаваць маёмасьць падазраваных у «справе выбараў у Каардынацыйную Раду». Пра гэта паведаміў Сьледчы камітэт.
«Высьвятляецца наяўнасьць у падазраваных маёмасьці і нерухомасьці на тэрыторыі нашай краіны з мэтай наступнага накладаньня арышту. З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытаньне аб запуску працэдуры спэцыяльнага вядзеньня для забесьпячэньня прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня і кампэнсацыі шкоды, прычыненай злачыннымі дзеяньнямі».
Праваабаронцам вядома, што на маёмасьць людзей, якія праходзяць у гэтай справе, накладаецца арышт.
Праваабаронцы таксама атрымалі інфармацыю, што сілавікі прыходзяць да людзей, нібыта зьвязаных з КР, з пастановамі на ператрус паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-2 КК);
садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК).