Украінская выведка: праз санкцыі небясьпека палётаў цывільнай авіяцыі Расеі павялічылася ўтрая

Маскоўскі аэрапорт «Шарамецьева». Ілюстрацыйнае фота

У вайсковай выведцы Ўкраіны нагадалі, што яшчэ ў верасьні 2022 году Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) пазначыла Расею чырвоным колерам разам зь Лібэрыяй і Бутанам, што сьведчыць пра вельмі высокія рызыкі для бясьпекі палётаў.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавалі закрытыя службовыя дакумэнты Фэдэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя), якія сьведчаць пра тое, што цывільная авіяцыя Расеі знаходзіцца на мяжы каляпсу.

Дакумэнты, якія зьмяшчаюць справаздачы за апошнія паўтара года, украінскія выведнікі здабылі ў выніку кібэрапэрацыі.

Што высьветлілі

  • Толькі цягам студзеня 2023 году ў цывільнай авіяцыі Расеі зафіксавалі 185 авіяздарэньняў. Траціну кваліфікавалі як інцыдэнты рознага ўзроўню небясьпекі. Найбольш праблемных выпадкаў (34) адбылося з расейскім самалётам «Сухой superjet».
  • За 9 месяцаў 2023 году ў Расеі задакумэнтавалі 150 выпадкаў тэхнічных няспраўнасьцяў самалётаў. У гэты ж пэрыяд 2022 году было 50 такіх інцыдэнтаў.
  • Найбольш праблемнымі для расейскай авіяцыі зьяўляюцца рухавікі, шасі, гідрасыстэмы, закрылкі і праграмнае забесьпячэньне.
  • Расея мае сур’ёзныя цяжкасьці з абслугоўваньнем самалётаў зь вялікім налётам. Празь недахоп магутнасьцяў і спэцыялістаў Масква пераарыентоўвае абслугоўваньне самалётаў на Іран, дзе адпаведныя работы выконваюць без сэртыфікацыі.
  • У сакавіку 2022 году ў авіяпарку Расеі налічвалася каля 820 цывільных самалётаў іншаземнай вытворчасьці. На той час толькі 10% зь іх прайшлі празь несэртыфікаваны рамонт з выкарыстаньнем неаўтэнтычных запчастак. Цяпер праз такі «сэрвіс» прайшло амаль 70% авіяпарку.
  • Праз востры дэфіцыт запчастак у Расеі пачалі разьбіраць самалёты для рамонту іншых. Папярэдне, да сярэдзіны 2023 году ў Расеі разабралі больш за 35% паветраных суднаў.
  • Бальшыня савецкіх самалётаў Ан-2 ня могуць падняцца ў паветра, паколькі рухавікі для іх куплялі ў Польшчы, але праз санкцыі іх пастаўкі спыніліся.
  • Толькі ў студзені 2023 году сярод 220 самалётаў Airbus у Расеі зафіксавалі 19 розных тэхнічных праблем. У прыватнасьці, у 9 такіх самалётах, якія выкарыстоўвае «Аэрафлёт», зафіксавалі 17 выпадкаў задымленьня.
  • З 230 самалётаў Boeing у 33 выпадках зафіксавалі тэхнічныя адмовы розных сыстэм.
  • Ня вытрымаў умоў расейскай эксплуатацыі кожны сёмы бразыльскі Embraer, а іх у Расеі налічваецца 21.

У вайсковай выведцы Ўкраіны нагадалі, што яшчэ ў верасьні 2022 году Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) пазначыла Расею чырвоным колерам разам зь Лібэрыяй і Бутанам, што сьведчыць пра вельмі высокія рызыкі для бясьпекі палётаў.

«Аналіз характару авіяцыйных інцыдэнтаў з атрыманых дакумэнтаў сьведчыць, што шэраг адмоў, асабліва зьвязаных з рухавікамі, шасі і мэханізацыяй крылаў, мае сыстэмны характар. Тэндэнцыя сьведчыць — сфэра цывільнай авіяцыі ў Расеі знаходзіцца ў зоне сур’ёзнай турбулентнасьці з высокай рызыкай сарвацца ў крутое піке», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай выведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Парлямэнт Украіны падтрымаў ініцыятыву аб санкцыях супраць Расеі і Беларусі на 50 гадоў

Супраць Расеі ўвялі шэраг санкцый пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Частка санкцый распаўсюджваецца і на Беларусь, паколькі Аляксандар Лукашэнка падтрымлівае расейскую вайну супраць Украіны.

У прыватнасьці, дзейнічае забарона на пастаўку самалётаў і запчастак для іх, поўная адмова ў тэхнічным абслугоўваньні і абнаўленьні праграмнага забесьпячэньня, а таксама абмежаваньне доступу да мэтэаінфармацыі для аэранавігацыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.