Журналісты пацьвердзілі гібель 37 052 расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне
Украінскі вайсковец ідзе каля забітага расейскага салдата, ваколіцы Андрэеўкі ў Данецкай вобласьці, 16 верасьня 2023 году.
Журналістам-расьсьледавальнікам на аснове адкрытых дадзеных удалося пацьвердзіць гібель 37 052 расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў нападзе на Ўкраіну.
Пры падліку выкарыстоўваліся нэкралёгі, што публікуюцца мясцовымі ўладамі і сваякамі забітых, імёны з новых магіл на могілках, навіны рэгіянальных СМІ.
Дасьледаваньне з пачатку вайны вядуць рэдакцыі «Мэдыязоны» і Расейскай службы BBC. За два тыдні, якія прайшлі з публікацыі мінулага падліку, колькасьць пацьверджаных страт павялічылася на 1272. Увосень паведамленьні пра гібель вайскоўцаў прыходзяць на 25–38 працэнтаў часьцей. Расьсьледавальнікі зьвязваюць гэта зь цяжкімі баямі ў раёне Аўдзееўкі пад Данецкам, якую спрабуе захапіць расейская армія.
За два тыдні стала вядома пра гібель на фронце 14 старшых афіцэраў у званьні ад падпалкоўніка і вышэй, адзначаюць дасьледчыкі. Параўнальныя страты сярод высокапастаўленых афіцэраў Расея несла толькі мінулым летам, зазначае «Мэдыязона». Рэдакцыя зьвязвае гэта са зьяўленьнем ва ўкраінскіх вайскоўцаў амэрыканскіх тактычных ракет ATACMS і спробамі штурму ўкраінскіх пазыцый.
Агульная колькасьць стратаў, верагодна, кротна вышэйшая. У Расеі зь лютага 2022 году дзейнічае ваенная цэнзура, зьвесткі аб стратах улады адносяць да сакрэтных і не даюць справаздачы пра іх. Крыніцы ў Белым доме ЗША ў жніўні ацэньвалі колькасьць загінулых расейскіх вайскоўцаў у 120 тысяч, пісала тады The New York Times.