У Расеі мастачку асудзілі на 7 гадоў за антываенныя налепкі ў краме
Саша Скачыленка на лаве падсудных
У красавіку 2022 года, больш чым празь месяц пасьля пачатку расейска-ўкраінскай вайны, Сашу Скачыленку затрымалі ў Санкт-Пецярбургу па абвінавачваньні ў распаўсюдзе лжывай інфармацыі. Арышт быў за яе пратэставую творчасьць.
Расейскі суд у чацьвер прысудзіў пратэстоўку да 7 гадоў пазбаўленьня волі за тое, што яна замяняла цэтлікі ў прадуктовай краме на антываенныя налепкі. Гэта стала чарговым наступам на іншадумства ў краіне, якая сутыкаецца з моцнай міжнароднай рэакцыяй за працяг уварваньня ва Ўкраіну, піша Голас Амэрыкі.
«Расейскія войскі разбамбілі школу мастацтваў у Марыюпалі. У ёй хаваліся ад абстрэлаў каля 400 чалавек», — было напісана на адной з налепак. «Ва Ўкраіну адпраўляюць расейскіх салдатаў тэрміновай службы. Цана гэтай вайны — жыцьцё нашых дзяцей», — гаварылася на іншай.
Пакупнік у супэрмаркеце апавясьціў паліцыю, якая неадкладна арыштавала Сашу Скачыленку. Арышт адбыўся прыкладна празь месяц пасьля таго, як уступіў у сілу закон, які забараняе публічныя дэманстрацыі супраць вайны.
33-гадовая Скачыленка не адзіная пацыфістка, пакараная ўладамі. Закон ужыты супраць шырокага кола іншадумцаў, ад апазыцыйных палітыкаў і праваабаронцаў да простых расейцаў.
Каля 19 834 расейцаў былі арыштаваныя за свае палітычныя перакананьні з 24 лютага 2022 году, калі Масква пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, па кастрычнік 2023 году, паведамляе праваабарончая група OVD-Info, якая займаецца маніторынгам палітычных арыштаў.
Скачыленка не адмаўляла абмену цэтлікаў на антываенную інфармацыю, але адмаўляла абвінавачаньне ў тым, што сьвядома спрабавала ўвесьці грамадзкасьць у зман.
Незалежнае расейскае выданьне «Медиазона» паведаміла, што Скачыленка ў сваім заключным слове ў судзе назвала справу супраць яе «дзіўнай і недарэчнай». Паводле яе, сьледчы, які працаваў у пракуратуры, падаў у адстаўку, магчыма, сказаўшы аднаму з адвакатаў Скачыленкі, што «пайшоў працаваць у Сьледчы камітэт не дзеля таго, каб працаваць з такімі справамі».
Паведамляецца, што заля суду была запоўненая прыхільнікамі Скачыленкі, якія аплядавалі ёй падчас выступу і скандавалі яе імя ў калідоры пасьля вынясеньня прысуду.
Больш за паўтара года Скачыленка знаходзілася ў сьледчым ізалятары, змагаючыся з рознымі захворваньнямі, уключаючы праблемы з сэрцам, біпалярны разлад і цэліякію — хваробу, выкліканую імуннай рэакцыяй на ўжываньне глютену, заявілі яе адвааты.