Беларускія валянтэры даставілі ва Ўкраіну пяць аўтамабіляў і гуманітарную дапамогу

Алена Жаркевіч

Гуманітарны канвой, арганізаваны грамадзкай арганізацыяй «Сустрэча», даставіў з Эўропы ва Ўкраіну пяць аўтамабіляў, якія плянуюць перадаць беларускім і ўкраінскім падразьдзяленьням у складзе Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ).

Пра гэта «Позірку» распавяла прадстаўніца аб’яднаньня Алена Жаркевіч.

Паводле яе, гуманітарны груз і аўтамабілі, сярод якіх адзін рэанімабіль, будуць перададзены беларускім і ўкраінскім падразьдзяленьням у складзе ЎСУ.

«Гуманітарная дапамога і аўтамабілі набываліся на сродкі беларускіх вайскоўцаў, якія змагаюцца ў складзе ЎСУ, украінскіх фондаў і прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой. Рэанімабіль і яшчэ адно аўто цалкам набытыя на сродкі беларусаў», — адзначыла Жаркевіч.

Яна паведаміла, што «Сустрэча» займаецца транспарціроўкай гуманітарных канвояў паўтара гады.

«Такія канвоі мы арганізуем раз на тыдзень, і вельмі часта ўкраінцы зьвяртаюцца да нас, каб менавіта нашы, беларускія кіроўцы дапамагалі з дастаўкай гуманітарных грузаў. Калі на мяжы чуюць, што дапамагаюць беларускія валянтэры, то ставяцца да нас вельмі прыязна і польскія, і ўкраінскія памежнікі», — распавяла суразмоўца.

Як паведамляе прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэта па замежных справах, разам з беларускімі валянтэрамі ў дастаўцы аўтамабіляў узяў удзел кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько.

«Дапамога беларускім добраахвотнікам і Украіне — гэта тое, што аб’ядноўвае беларусаў з самымі рознымі палітычнымі поглядамі, бо перамога Украіны — важны, неабходны складнік нашай уласнай перамогі», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тэрапія, спорт, актыўны адпачынак. Як беларуска стварыла ва Ўкраіне рэабілітацыйны цэнтар для параненых вайскоўцаў