У Менску адкрылі помнік Аляксандру Неўскаму

Скрыншот зь відэа афіцыйнага тэлеграм-каналу Менскага гарвыканкаму

14 лістапада ў Менску побач з расейскай амбасадай адкрылі помнік Аляксандру Неўскаму, паведаміў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Помнік усталявалі з ініцыятывы Расеі.

У цырымоніі адкрыцьця помніка, сярод іншых, узялі ўдзел амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў, мітрапаліт Веніямін, дэпутат Ігар Марзалюк, начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Мінабароны генэрал-маёр Леанід Касінскі.

Помнік адкрылі ў 760-я ўгодкі з дня сьмерці Аляксандра Неўскага.

Аляксандар Неўскі (1220–1263) — князь наўгародзкі, цьвярскі, вялікі князь кіеўскі, уладзімірскі. Залічаны Расейскай праваслаўнай царквой да сьвятых. Ён ня мае ніякага дачыненьня да Менску і Беларусі ў цэлым.

У Беларусі ўжо ёсьць помнік Аляксандру Неўскаму, і знаходзіцца ён у Віцебску, пастаўлены на плошчы 1000-годзьдзя. Скульптурная кампазыцыя вышынёй 4 мэтры адлюстроўвае гістарычны факт: сустрэчу ў Віцебску князя Аляксандра са сваёй жонкай Аляксандрай з полацка-віцебскай галіны Рурыкавічаў і сынам Васілём. Пастамэнт пад помнік зьявіўся яшчэ ў 2011 годзе. Аднак праз крытыку помніка князю, які фактычна ня мае сувязі зь Віцебскам, усталяваньне кампазыцыі адкладалі. Урэшце помнік паставілі ў 2016 годзе на 1000-годзьдзе Віцебску. Віцебскі помнік мае вышыню 4 мэтры, у кампазыцыі князь выяўлены з жонкай Аляксандрай і сынам Васілём.

У Мазыры пад пабудову царквы імя Аляксандра Неўскага плянавалі высекчы частку вялікага лесапарку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Неўскага да Аляксія II. Якім чужым героям паставілі помнікі ў сучаснай Беларусі