«Цяжка быць чалавекам». Расказваем аб прэм’еры праекту Паліны Дабравольскай «Coma»

Праект Паліны Дабравольскай «Coma»

12 лістапада ў Варшаве адбыўся монапэрформанс «Coma» беларускай акторкі і рэжысэркі Паліны Дабравольскай. Пагутарылі з Палінай, даведаліся, як прыйшла ідэя, што натхняла і ці складана прасоўваць сваю творчасьць за мяжой.

«Coma» — праект на мяжы музыкі, тэатру і тэхналёгій, які дасьледуе чалавечае існаваньне, сьвядомасьць і патэнцыйную будучыню чалавецтва.

«Гэта монапэрформанс. Ідэя яго пачалася, калі я паўгода таму задалася пытаньнем, што такое чалавек, чалавецтва і чаму так цяжка быць чалавекам», — тлумачыць акторка і рэжысэрка Паліна Дабравольская (Chornabrova).

Праект Паліны Дабравольскай «Coma»

Пэрформанс праходзіў цалкам на ангельскай мове. Галоўны герой спэктаклю — штучны інтэлект на імя Coma.

«Мы вельмі хацелі неяк абагульніць усе лічбавыя працэсы і зразумелі, што ангельская — менавіта тая мова, на якой павінен існаваць гэты спэктакль. Гэта музычны спэктакль, ён складаецца зь песень. Галоўнае тут — відэа, музыка і голас. Песьні гэтыя крок за крокам будуць выпускацца як мой наступны альбом».

Паліна зрабіла праект разам са сваёй жонкай — Кацперам Словік-Дабравольская (як тлумачыла Паліна рэдакцыі «Люстэрка», яна жанатая; бо «ў нашых мовах няма адпаведнага слова для небінарнай пэрсоны — або „муж“, або „жонка“ — і ў гэтым патрыярхальным сьвеце мы выбралі выкарыстаньне слова „жонка“». Таксама ў 3-й асобе Паліна называе сужэнца займеньнікам «яны». — Заўв. рэд.).

Праект Паліны Дабравольскай «Coma»

«Яны пішуць музыку і тэксты да гэтага спэктаклю. Гэта ўжо нашая трэцяя праца разам над праектамі, у нас ужо ня толькі сямейны, але і працоўны тандэм выбудаваўся. Таксама са мной супрацоўнічае Паліна Камарова — гэта нашая беларуская мастачка, мы зь ёй разам ствараем вобразы для відэа, для праекцый, скануем целы, прасторы. Са сьвятлом працуе Анастасія Мальчык, а з мэдыя — Лізавета Каліверда».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Візуальнае дасьледаваньне траўмы». У Празе адкрылася выстава беларускай мастачкі Цемры

«Coma» пакажуць таксама ў Бэрліне

Праект Паліны Дабравольскай падтрымаў Старамесцкі дом культуры і Тэатральны інстытут імя Зьбігнева Рашэўскага ў Варшаве. А таксама Беларуская рада культуры і суполка «Разам». Зь іх дапамогай зладзяць міжнародную прэм’еру «Coma» ў Бэрліне 2 сьнежня.

Праект Паліны Дабравольскай «Coma»

Артыстка кажа, што ёсьць пэўныя праблемы з прасоўваньнем за мяжой, бо гэтым павінны займацца адмысловыя мэнэджары, а ня самі творцы.

«Для мяне гэта вельмі складана, гэта настолькі выцягвае маю энэргію і час, таму лепш, калі ёсьць людзі, якія гэта могуць зрабіць. Але праз тое, што я фрылансэрка, у мяне няма бюджэту, каб кагосьці наймаць. Таму прыходзіцца за невялічкі нейкі бюджэт са сваёй кішэні прасіць знаёмых або самой, сьціснуўшы зубы, працаваць над прасоўваньнем».

Зараз Паліна працуе над сваім уласным брэндам Chornabrova, які ўключае ў сябе музыку, рэжысуру, тэатар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сваю маму не магу ўбачыць ужо два гады». Мастачка Анастасія Рыдлеўская пра новую выставу, музыку і кнігу

«Атрымлівала водгукі, што камусьці вельмі дапамог мой голас»

Паліна расказвае, што ніколі не сутыкалася з хэйтам да сваёй творчасьці. Наадварот, людзі праяўляюць цікавасьць, задаюць розныя пытаньні пасьля выступаў.

«Я паглыбляюся зь імі ў доўгую рэфлексіўную размову, і тады людзі даходзяць да таго, што я хацела сказаць, што мела на ўвазе. І, магчыма, крыху зьмяняецца іх погляд на нейкія рэчы. Я сутыкалася з крытыкай, і гэта нармальна, бо ўсе маюць сваю думку, розныя густы. Я атрымлівала водгукі, што камусьці вельмі дапамог мой голас у перажываньні нейкіх рэчаў, пра якія нячаста гавораць, не паглыбляюцца».

Праект Паліны Дабравольскай «Coma»

Акторка прызнаецца, што шмат сіл і энэргіі даюць людзі, якія падтрымліваюць.

«Гэта сям’я і людзі, якія кажуць, што гэта важна. Гэта пакуль што, напэўна, адзінае, што мяне трымае і чаму я іду далей. Таксама дапамагаюць і мае асабістыя адчуваньні таго, што я раблю штосьці важнае і патрэбнае людзям».

Праект Паліны Дабравольскай «Coma»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі прадавалі пілу, я плакала». Майстрыха драўляных цацак расказала, як вывезла рамесную справу ў іншую краіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Натхнялася гісторыямі беларускіх жанчын, іх харызмай, адвагай». У Варшаве адкрылася выстава «Сукенкі за свабоду». ФОТА