Лукашэнка: Мы зь літоўцамі і палякамі фактычна адзін народ

Мяжа Літвы зь Беларусьсю

Адносіны Беларусі з суседнімі Літвой і Польшчай, несумненна, будуць адноўленыя ў будучыні. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў, выступаючы перад прадстаўнікамі пэрсаналу і будаўнікамі БелАЭС у Астраўцы.

«І Літва — мы адновім адносіны, і Польшча — яны нікуды не падзенуцца. Асноўны прынцып — суседзі ня могуць жыць дрэнна. Я заўсёды гавару: суседзі ад Бога, іх не выбіраюць... Прыйдуць часы, калі мы будзем жыць зь імі так, як гэта было заўсёды, і ў савецкія часы», — прыводзіць словы Лукашэнкі агенцтва БЕЛТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік Савету бясьпекі Беларусі бачыць падставы разабрацца з транзытнай забаронай Літвы «сілай зброі»

Наконт незадаволенасьці Літвы наяўнасьцю БелАЭС Лукашэнка сказаў: «Я ім тады гаварыў: літоўцы, адумайцеся, мы ўсё роўна пабудуем гэту станцыю. Ні амэрыканцы, ні эўрапейцы, ніхто не перашкодзіць нам пабудаваць. Мы прымаем рашэньне, што нам рабіць на нашай зямлі. І мы яе пабудавалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў, што яшчэ ня вызначыўся з будаўніцтвам у Беларусі другой АЭС, але яна можа быць недалёка ад Астраўца

Лукашэнка даў параду жыхарам памежных рэгіёнаў (Астравец за 15 кілямэтраў ад мяжы зь Літвой):

«Падтрымлівайце адносіны зь літоўцамі, палякамі, зь імі ня трэба сварыцца. Мы адзін народ фактычна».

  • Адносіны Беларусі зь Літвой і Польшчай рэзка пагоршыліся пасьля жорсткага здушэньня пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і мігранцкага крызісу 2021 году, а таксама пасьля гвалтоўнай пасадкі ў аэрапорце Менску самалёта з блогерам Раманам Пратасевічам на борце і падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны. Эўразьвяз, у які ўваходзяць Польшча і Літва, увёў некалькі пакетаў санкцый супраць рэжыму ў Беларусі, у тым ліку быў забаронены транзыт беларускіх калійных угнаеньняў праз літоўскія парты.