Марыя Львова-Бялова агучыла гэтую ініцыятыву праз тры месяцы пасьля таго, як Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на яе арышт разам з Уладзімірам Пуціным за незаконны вываз украінскіх дзяцей у Расею і перадачу іх у расейскія сем’і.
Свабода сабрала, што вядома пра Марыю Львову-Бялову і з чым зьвязаны яе клопат пра дзяцей.
Мае музычную адукацыю і спачатку працавала па спэцыяльнасьці
Марыя Львова-Бялова нарадзілася ў 1984 годзе ў Пензе, яе бацька — музыка і кампазытар Аляксей Львоў-Бялоў.
Мае дзьве вышэйшыя адукацыі: музычную (спэцыяльнасьць — дырыгент эстраднага аркестру) і эканамічную (спэцыяльнасьць — мэнэджмэнт). Па музычнай спэцыяльнасьці яна працавала толькі пяць гадоў.
Пасьля таго як выйшла замуж і нарадзіла першых двух зь пяці сваіх дзяцей, яна цалкам сышла ў дабрачынную дзейнасьць — займалася выключна дзецьмі-сіротамі і інвалідамі. Паралельна пачала займацца палітыкай — у 2019 годзе прайшла ў склад Пензенскай гарадзкой думы, але адмовілася ад мандату на карысьць сваіх сацыяльных праектаў.
Яе муж Павал Кагельман быў праграмістам, а ў 2019 годзе стаў сьвятаром Рускай праваслаўнай царквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбудсмэн Расеі ўсынавіла выкрадзенага з Марыюпалю хлопчыка, ва Ўкраіне супраць яе хочуць завесьці крымінальную справуНа пасадзе дзіцячага амбудсмэна замяніла сваю сяброўку
Пік дабрачыннай кар’еры Марыі Львовай-Бяловай прыпаў на той час, калі яе сяброўка Ганна Кузьняцова займала пасаду ўпаўнаважанай пры прэзыдэнце Расеі ў правах дзіцяці.
Тады яна рэалізавала некалькі вялікіх праектаў, у тым ліку і пры дапамозе сваёй сяброўкі Ганны Кузьняцовай, а ў 2021 годзе замяніла яе і на пасадзе дзіцячага амбудсмэна.
Сярод яе праектаў:
- «Квартал Луі» (разьлічаны на падрыхтоўку да самастойнага жыцьця маладых людзей з інваліднасьцю, якія выхоўваліся ў дзіцячых дамах і інтэрнатах),
- «Дом на Бярозаўскім» (для выпускнікоў дзіцячых дамоў, каб вучыцца і працаваць). Дзеля рэалізацыі праекту яна разам з мужам перабудавала і адаптавала свой уласны дом у Пензе, а сама зь сям’ёй пераехала ў бацькоўскі.
- «Дом Веранікі» (пансіён для маладых людзей зь цяжкой ступеньню інваліднасьці).
- «Новыя берагі» (арт-сядзіба, месца жыцьця і працы для сямей зь дзецьмі-інвалідамі).
У цырымоніях адкрыцьця гэтых дамоў заўсёды ўдзельнічалі прадстаўнікі цэнтральных і рэгіянальных уладаў — міністры, губэрнатары розных рэгіёнаў, а таксама прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы.
Мясцовыя пензенскія СМІ называлі гэтыя праекты «грамадзка-царкоўнымі» і пісалі, што яны атрымлівалі «шчодрую фінансавую падтрымку» ў выглядзе дзяржаўных грантаў, рэгіянальных субсыдый, а таксама ад донараў, сярод якіх былі «Сбербанк» і Раман Абрамовіч.
У расейскай Вікіпэдыі адзначаецца, што ў 2020 годзе, за год да свайго прызначэньня на дзяржаўную пасаду, яна задэкляравала даходы ў памеры 2 мільёнаў 933 тысяч рублёў, а яе муж — 446 тысяч рублёў (адпаведна, амаль 32 тысячы і амаль 5 тысяч даляраў у эквіваленце па цяперашнім курсе. — РС).
Сярод узнагарод — ордэны РПЦ і непрызнаных рэспублік
Да прыходу на пасаду ўпаўнаважанай пры прэзыдэнце Расеі ў правах дзіцяці яна атрымала за сваю дзейнасьць ордэн Сьвятога роўнаапостальнага вялікага князя Ўладзіміра трэцяй ступені (Руская праваслаўная царква, 2016 год), ганаровую грамату прэзыдэнта Расеі (2018 год) і ганаровы знак «Во славу земли Пензенской» (2021 год).
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Марыя Львова-Бялова атрымала знак адрозьненьня «За заслугі перад Рэспублікай» (ад так званай «ДНР», 2023 год) і ордэн Дружбы (Паўднёвая Асэтыя, 2023 год).
17 сакавіка 2023 году дзейнасьць Марыі Львовай-Бяловай заўважыў Міжнародны крымінальны суд, які выдаў ордэр на яе арышт разам з Уладзімірам Пуціным паводле падазрэньня ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый і пазбаўленьні іх украінскай ідэнтычнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы амбудсмэн РФ абмеркавала зь беларускім амбасадарам далейшую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у БеларусьУсынавіла хлопчыка з Марыюпалю
Марыя Львова-Бялова разам са сваім мужам выхоўваюць пяцёх сваіх уласных дзяцей і пяцёх прыёмных. Апошнім яны ўсынавілі хлопчыка зь зьнішчанага ў выніку расейскіх абстрэлаў гораду Марыюпалю. Яшчэ 22 дзяцей яны апякаюць.
На сваёй прэсавай канфэрэнцыі яна расказала, як хлопчык з Марыюпалю паводзіць сябе ў яе сям’і.
«Я не магу сказаць, што ўсё адбываецца гладка і бязь нейкіх складанасьцяў. Цяжка рэагаваць, калі тваё дзіця бегае за малодшымі дзецьмі і кажа: «Зьем маскалёнка», але я разумею, што гэта зьвязана ня зь ім, а з той васьмігадовай прапагандай. Але мы цяпер любім адзін аднаго. Мяне сын пачаў называць «мамай», — цытавалі яе расейскія СМІ.
Што вядома пра яе ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны
У ліпені 2023 году ўпаўнаважаная Расеі па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова апублікавала справаздачу аб сваёй дзейнасьці на пасадзе.
З гэтага дакумэнту вынікала, што Расея з пачатку ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году «прыняла каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны і рэспублік Данбасу, зь якіх больш за 700 тысяч — дзеці».
Марыя Львова-Бялова пераконвала, што «пераважная частка непаўналетніх прыбылі з бацькамі або іншымі сваякамі».
Сярод вывезеных Расеяй дзяцей — каля 1,5 тысячы выхаванцаў устаноў для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у тым ліку 52 дзіцяці зь цяжкімі паталёгіямі.
Цягам 2022 году Марыя Львова-Бялова зрабіла 10 паездак на акупаваную Расеяй тэрыторыю Ўкраіны — у Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці.
У Кіеве гэтую практыку назвалі незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей. Офіс генпракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.
За незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай.
«Марыя Львова-Бялова стала тым чалавекам, які фактычна адказвае за вываз і інтэграцыю ўкраінскіх дзяцей у Расеі. Яна пэрыядычна асабіста ўдзельнічае, асабіста прымае гэтыя маршруты, якія расейскія ўлады называюць эвакуацыйнымі, з акупаваных тэрыторый. Яна займаецца ўладкаваньнем украінскіх дзяцей у расейскія сем’і. Яна была адной з тых, хто публічна і загадзя выказваўся пра тое, што ўкраінскім дзецям неабходна выдаваць расейскае грамадзянства, уладкоўваць іх у семʼі, аддаваць на ўсынаўленьне і ўдачарэньне. Яна за ўсю гэтую справу адказвае, яна твар усёй гэтай кампаніі», — расказала тэлеканалу «Настоящее время» журналістка расейскага выданьня «Вёрстка» Рэгіна Гімалава, якая вывучала дзейнасьць Марыі Львовай-Бяловай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Львова-Бялова, на арышт якой выдаў ордэр суд у Гаазе, анансавала сустрэчу дзіцячых амбудсмэнаў СНД у Менску