У Дагестане ўдзельнікі антысэміцкай акцыі захапілі аэрапорт

Кадр з аэрапорту Махачкалы, 29 кастрычніка 2023

Сама меней некалькі сотняў чалавек сабраліся ўвечары 29 кастрычніка ў аэрапорце Махачкалы з антысэміцкай акцыяй перад прылётам рэйсу з Тэль-Авіву. Прысутныя пратэставалі супраць дзеяньняў Ізраілю і патрабавалі выгнаць габрэяў з Дагестану.

Пазьней аэрапорт Махачкалы закрылі для прылётаў і вылетаў, туды прыбылі супрацоўнікі АМАП і паліцыі.

Самалёт авіякампаніі Red Wings з Тэль-Авіву прызямліўся ў аэрапорце ў 19:17 па мясцовым часе, сьведчаць дадзеныя сэрвісу Flight Radar 24.

У аэрапорце пачаліся пагромы, перадае «Кавказ.Реалии» са спасылкай на мясцовых жыхароў. Відэа зь месца падзеяў сьведчаць, што ўлады не кантралююць сытуацыю.

Да тысячы чалавек заблякавалі ўезд і выезд у аэрапорт Махачкалы — мясцовыя жыхары шукаюць сярод пасажыраў жыхароў Ізраіля, якія, як мяркуецца, прыбылі з Тэль-Авіву. Паліцыя, якая прыехала на месца, не спраўляецца з сытуацыяй, паведамілі карэспандэнту «Кавказ.Реалии» відавочцы.

Антысэміцкія акцыі прайшлі на выходных у іншых гарадах Паўночнага Каўказу. 28 кастрычніка ў Чаркеску — сталіцы Карачаева-Чаркескай рэспублікі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі — прайшоў мітынг з патрабаваньнем не пускаць у рэспубліку жыхароў Ізраілю. У ноч на 29 кастрычніка жыхары Дэрбенту ў Дагестане пратэставалі супраць выдуманага засяленьня ўцекачоў з Ізраілю ў мясцовыя гатэлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Ірану заявіў, што Ізраіль «перайшоў чырвоныя лініі». Баявыя апэрацыі ЦАХАЛ у Газе пашыраюцца