Лукашэнка пахваліў палякаў за тое, што прагаласавалі за апазыцыю

Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня Менскага раёну, 27 кастрычніка 2023

Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Менскі раён пахваліў польскіх выбаршчыкаў за галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах 15 кастрычніка.

Яго словы прыводзіць агенцтва БЕЛТА :

«Малайцы палякі. Вось я гэтага варыянту не чакаў. Яны проста ня сталі ў гэтую гульню з гэтымі «пісаўцамі» гуляць (кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая па выніках выбараў страціла большасьць у Сойме — РС). Ну палякі, я вось хвалю народ Польшчы. Малайцы! Яны падцерлі ім нос. І апазыцыю да ўлады фактычна прывялі. Ужо Польшча будзе ня тая. Няхай гэта ня нашы людзі там, не настроеныя з намі размаўляць, але гэта іншыя людзі. І палякі паказалі: хлопцы, рабіце так, як мы жадаем, ня будзеце рабіць — і вас выкінем. Малайцы палякі!» — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Туск: Польшча можа разьлічваць на значную дапамогу Эўразьвязу ва ўмацаваньні мяжы зь Беларусьсю

Ён нагадаў , што на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці даручыў ураду зрабіць крокі па нармалізацыі стасункаў з Польшчай.

Але пры гэтым Лукашэнка сказаў, што ня трэба патрабаваць ад яго, каб выпусьціў палітвязьняў, і ня трэба казаць, што ў Беларусі «сыстэма не тая», маўляў, палякі «сваю сыстэму на выбарах паказалі». «Да сьмешнага дайшлі з гэтым рэфэрэндумам вар’яты: «Будзем зносіць сьцяну ці ня будзем?» — сказаў Лукашэнка.

На рэфэрэндум, які прайшоў у Польшчы ў адзін дзень з выбарамі, выносілася, апроч іншых, і пытаньне аб мэтазгоднасьці ліквідацыі ахоўнай сьцяны, збудаванай на мяжы зь Беларусьсю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суседзі Беларусі і Расеі правядуць супольныя вучэньні для ўзгадненьня альгарытмаў пры закрыцьці межаў

Паразважаў кіраўнікі Беларусі і пра Літву: «У Літве хутка наогул людзей ня будзе. Яны зьдзекуюцца з народу Літвы. Я бываў у Літве. Талковыя, моцныя такія людзі — паморʼе. Што ж вы зьдзекуецеся з гэтых людзей? Літоўцы, латышы — нармальныя людзі. Не пашанцавала з кіраўнікамі, што тут казаць. Але гэта іх праблема. Я думаю, літоўцы, латышы ў найбліжэйшы час на выбарах і гэтую праблему вырашаць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прызнаў дэфіцыт мэдыкаў: «Некаторыя лекары зьбеглі са сваёй прафэсіі і чорт ведае чым займаюцца»