Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расея зможа падтрымліваць дастаткова высокі ўзровень інтэнсіўнасьць абстрэлаў Украіны ў 2024 годзе дзякуючы ўласнай вытворчасьці і пастаўкам боепрыпасаў з Паўночнай Карэі.
У сваіх высновах экспэрты спасылаюцца на кіраўніка Цэнтра выведкі сіл абароны Эстоніі Антса Ківісэлга, які заявіў, што ў Расеі ўсё яшчэ застаецца каля 4 мільёнаў артылерыйскіх снарадаў, якія расейскія войскі могуць выкарыстоўваць для вядзеньня баявых дзеяньняў «нізкай інтэнсіўнасьці».
Паводле яго, ёсьць паведамленьні аб тым, што Паўночная Карэя адправіла ў Расею да 1000 кантэйнэраў з боепрыпасамі, у кожным зь якіх можна знаходзіцца ад 300 да 500 артылерыйскіх снарадаў — агулам ад 300 да 500 тысяч адзінак.
Паводле ўкраінскага боку, цяпер для абстрэлу Ўкраіны Расея выкарыстоўвае ў дзень ад 10 да 15 тысяч снарадаў, што значна менш, чым летам 2022 году, калі інтэнсіўнасьць абстрэлаў складала ад 45 да 80 тысяч снарадаў у дзень.
«Зыходзячы з заходніх ацэнак вытворчай магутнасьці расейскай артылерыі і сталага экспарту з Паўночнай Карэі, Расея, пэўна, зможа падтрымліваць у цэлым дастатковую інтэнсіўнасьць абстрэлаў у агляднай будучыні. У той жа час агульнае зьніжэньне інтэнсіўнасьці абстрэлаў можа перашкодзіць расейскім войскам весьці шырокамаштабныя наступальныя апэрацыі», — мяркуюць экспэрты ISW.
Паводле іх, актыўнасьць вайсковай дапамогі Ўкраіне з боку яе міжнародных партнэраў будзе ключавым фактарам, які вызначыць здольнасьць Украіны эфэктыўна супрацьстаяць расейскім абстрэлам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Павольны прагрэс і вялікія страты. Заходняя выведка ацаніла наступ расейцаў пад Аўдзееўкай на ДанеччынеМінулая ноч была самай ціхай у тылавых гарадах Украіны
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі ў ноч на 24 кастрычніка атакавалі дронамі тры вобласьці краіны — Хмяльніцкую, Віньніцкую і Мікалаеўскую.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, расейцы запусьцілі з Крыму шэсьць дронаў, але ўкраінскія супрацьпаветраныя сродкі зьбілі ўсе бесьпілётнікі. Улады ўсіх трох абласьцей паведамілі, што разбурэньняў і ахвяр удалося пазьбегнуць.
У прыфрантавых рэгіёнах, паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, расейцы нанесьлі 4 ракетныя і 68 авіяцыйныя ўдары па 110 населеных пунктах Харкаўскай, Херсонскай, Запароскай, Луганскай, Данецкай, Мікалаеўскай. Пад сталымі артылерыйскімі абстрэламі застаюцца населеныя пункты памежных з Расеяй Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія войскі абстралялі Херсон і два гарады Данецкай вобласьці: 5 чалавек загінулі, 6 параненыяВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.