Паводле ізраільскіх СМІ, у горадзе Кір’ят-Шмана непадалёк ад мяжы зь Лібанам ракета трапіла ў дзевяціпавярховы жылы дом. Ёсьць інфармацыя пра двух пацярпелых.
Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што вядуць агонь у адказ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт ЗША патлумачыў, чаму важна дапамагаць Ізраілю і Ўкраіне, і назваў дзьве галоўныя пагрозы дэмакратыіАдказнасьць за абстрэл узяла на сябе лібанская філія палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС. Напад гэтай групоўкі на Ізраіль 7 кастрычніка, ахвярамі якога сталі больш за 1400 чалавек, прывёў да цяперашняга рэзкага абвастрэньня канфлікту. ХАМАС кантралюе паласу Газа, адкуль тэрыторыя Ізраілю таксама рэгулярна абстрэльваецца. Ізраіль, у сваю чаргу, наносіць удары па Газе. Паводле зьвестак палестынскага боку, у Газе колькасьць загінулых набліжаецца да чатырох тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вайна Ізраілю і ХАМАСу стварае для Расеі магчымасьці і пагрозыПоўдзень Лібану кантралюе яшчэ адна радыкальная антыізраільская групоўка — «Хэзбала». Яна таксама ў апошнія дні рэгулярна абстрэльвае Ізраіль, аднак не заяўляла пра шырокамаштабнае ўступленьне ў вайну. Пры гэтым «Хэзбала» заявіла, што пры ізраільскіх абстрэлах загінулі прынамсі 13 яе чальцоў. Сярод ізраільскіх вайскоўцаў таксама ёсьць страты.
У сувязі з сытуацыі ў Лібане шэраг заходніх дзяржаваў, уключаючы ЗША, Вялікую Брытанію і Нямеччыну, заклікалі сваіх грамадзянаў неадкладна пакінуць гэтую краіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выведка ЗША: пры выбуху ў лякарні ў Газе загінулі ад 100 да 300 чалавекТаксама ў чацьвер паведамлялася пра сутыкненьні ў лягеры палестынскіх уцекачоў Нур Шамс на Заходнім беразе ракі Ярдан. Ізраільскія вайскоўцы ўступілі ў перастрэлку з узброенымі людзьмі — паводле паведамленьняў, гаворка таксама ідзе пра баевікоў ХАМАС. Паводле дадзеных палестынскага Чырвонага Паўмесяца, былі забітыя 8 палестынцаў. Не ўдакладняецца, ці ідзе гаворка пра байцоў узброеных груповак або цывільных асобаў.
Ізраіль працягвае ў Газе ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы», але абяцаная наземная апэрацыя супраць радыкальных груповак пакуль не распачатая. Агенцтва Reuters паведамляе, што Ізраіль гатовы да жорсткіх баявых дзеяньняў, але ўлады краіны пакуль ня маюць уяўленьня аб тым, што рабіць пасьля заканчэньня вайны з паласой Газа, якую ХАМАС кантралюе з 2007 году.