Кіраўнік МЗС Алейнік паведаміў, хто перашкаджае Беларусі эвакуаваць сваіх грамадзян з Ізраіля

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Архіўнае фота

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік назваў сытуацыю зь беларускімі грамадзянамі ў зоне канфлікту «даволі няпростай», паведамляе Sputnik.

Беларусь атрымала дазвол на гуманітарны рэйс авіякампаніі «Белавія» ў Ізраіль ад улад гэтай краіны, але, як заявіў Сяргей Алейнік, эвакуаваць сваіх грамадзян Менску будзе «няпроста».

«На сёньняшні дзень застаецца адна перашкода — гэта санкцыі ЗША ў адносінах нашага нацыянальнага авіяперавозчыка», — заявіў Алейнік, якога цытуе Sputnik.

МЗС Беларусі, па яго словах, займаецца пытаньнем эвакуацыі, але «пакуль цяжка гаварыць пра нейкія вынікі».

Сяргей Алейнік таксама адзначыў, што ў Менску ўзрушаныя ростам колькасьці ахвяр канфлікту ў раёне сэктару Газа.

Раней паведамлялася, што ў пасольства Беларусі ў Ізраілі, паводле зьвестак на 9 кастрычніка, зьвярнуліся 150 беларусаў. У дыпмісіі заявілі, што «цяпер пра нейкія цэнтралізаваныя эвакуацыйныя мерапрыемствы размова не ідзе», гэтае пытаньне толькі прапрацоўваецца.

17 кастрычніка стала вядома, што сярод ахвяр ад нападу ХАМАС трое беларусаў, якія загінулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Думаць пра ўласную бясьпеку нават няёмка». Ураджэнцы Беларусі абараняюць Ізраіль

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ізраіль скарэктаваў лічбу загінулых ад нападу ХАМАС беларусаў