Расейцы пацэлілі ў жылы дом у Запарожжы, ёсьць ахвяры. У РФ заявілі аб перахопе ўкраінскіх дронаў на сваёй тэрыторыі

Наступствы расейскіх абстрэлаў горада Запарожжа ў сакавіку 2023 году. Архіўнае фота

У Запарожжы дагэтуль разьбіраюць завалы, пад якімі могуць знаходзіцца пацярпелыя.

Расейскія войскі ў ноч на 18 кастрычніка запусьцілі шэсьць ракет па горадзе Запарожжа. Яны пацэлілі ў шматпавярховы дом і разбурылі адзін ягоны пад’езд — зь пятага па трэці паверхі.

Як паведамілі ўкраінскія ратавальнікі, папярэдне вядома, што загнулі два чалавекі, яшчэ трое атрымалі траўмы. Дагэтуль разьбіраюць завалы, пад якімі яшчэ могуць быць пацярпелыя. З будынку давялося эвакуаваць 50 жыхароў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў спачуваньні сваякам і блізкім загінулых.

«Дзяржава-зло працягвае сваю тактыку вайны з цывільнымі, свой тэрор. Я дзякую ўсім, хто не застаецца абыякавым і дапамагае яго перамагаць. Зробім усё, каб дзяржава-тэрарыстка панесла справядлівую адказнасьць. Расейскі тэрор павінен прайграць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік Расеі ў ААН заявіў, што ў вёсцы Гроза ракетай абстралялі пахаваньне «нацыяналіста». Жыхары праклінаюць Крэмль і наводнікаў

Адзін зь мясцовых калябарантаў, які перайшоў на бок Расеі і стварыў у акупаванай частцы Запароскай вобласьці рух «Мы вместе с Россией», заявіў, што дом у Запарожжы нібыта зьнішчылі самі ўкраінцы ў выніку «памылковых дзеяньняў супрацьпаветранай абароны».

Улады Курскай і Белгарадзкай абласьцей паведамілі аб зьнішчэньні ўкраінскіх дронаў

Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт заявіў, што ўначы аскепкі ўкраінскага дрона нібыта ўпалі на тэрыторыю школы і пашкодзілі фасад і некалькі вокнаў. Паводле яго, ніхто не пацярпеў, заняткі ў школе, дзе вучацца 477 дзяцей, працягваюцца ў штатным рэжыме.

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што над рэгіёнам расейскія СПА зьбілі шэсьць украінскіх дронаў. Паводле яго, пацярпелых і разбурэньняў няма, але жыхары дзьвюх вёсак засталіся без электрычнасьці праз пашкоджаньне лініі энэргазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне паведамілі пра маштабную апэрацыю, у якой зьнішчылі 9 расейскіх верталётаў, узьлётныя палосы і спэцтэхніку на аэрадромах

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.