Ня ўсе палестынцы — тэрарысты, таму караць іх усіх за атаку ХАМАС на Ізраіль будзе «несправядліва і непрадуктыўна», заявіў высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль пасьля нарады зь міністрамі замежных справаў краін ЭЗ. Паводле Бурэля, «пераважная іх большасьць — за двума ці, магчыма, трыма выключэньнямі» — выказалася за працяг супрацы з адміністрацыяй Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі (ПНА) і далейшае аказаньне дапамогі жыхарам палестынскіх тэрыторыяў.
Большасьць краін — чальцоў Эўразьвязу падтрымалі прапанову Эўракамісіі праверыць, «як выкарыстоўваецца гэтая дапамога і хто яе атрымлівае, каб быць упэўненымі ў адсутнасьці сувязі паміж нашай падтрымкай і тэрарыстычнай дзейнасьцю ХАМАС», сказаў Бурэль. Ён падкрэсьліў: калі высьветліцца, што ЭЗ міжволі фінансаваў тэрарыстаў, то «нехта павінен будзе ўзяць за гэта палітычную адказнасьць».
Бурэль адзначыў, што такая праверка «не павінна быць апраўданьнем для затрымак» у супрацоўніцтве з ПНА, якая «ёсьць чымсьці зусім іншым, чым ХАМАС», прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у Ізраілі, ЗША і ЭЗ.
«Будзе жахлівай памылкай у гэты крытычны момант спыніць падтрымку Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі, бо гэта будзе найлепшым падарункам, які мы можам зрабіць ХАМАС, і гэта паставіць пад пагрозу нашы інтарэсы і наша партнэрства з арабскім сьветам», — рэзюмаваў Бурэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Іранскі аятала заявіў, што «цалуе рукі» тым, хто плянаваў атаку на ІзраільГуманітарная дапамога жыхарам сэктару Газа і Заходняга берагу ракі Ярдан працягнецца «столькі, колькі неабходна», заявіў у той жа дзень афіцыйны прадстаўнік Эўракамісіі Балаш Уйвары. Ягоны калега Эрык Мамэр дадаў, што ў Брусэлі пачалася дыскусія на тэму іншых відаў фінансавай дапамогі палестынцам, аднак, незалежна ад яе выніку, гуманітарная дапамога будзе выплачвацца.
9 кастрычніка эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Олівэр Вархэі казаў, што Брусэль прыпыніць фінансавую дапамогу ПНА на фоне нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль. І назваў суму ў 691 млн эўра. Аднак Мамэр растлумачыў, што заява Вархэі не датычыла гуманітарнай дапамогі.
Паводле ацэнак ААН, каля 1,5 млн. з 2,1 млн. жыхароў сэктару Газа залежаць ад гуманітарнай дапамогі. Дапамога ад Эўразьвязу не перадаецца ўладам, а разьмяркоўваецца партнэрамі, якія ажыцьцяўляюць праекты на месцах, — міжнародным гуманітарным арганізацыям, агенцтвам ААН або НДА. У 2023 годзе Эўракамісія вылучыла на гэтыя мэты 27,9 млн эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У кібуцы побач з Газай пры нападзе ХАМАСу былі забітыя дзясяткі людзей, у тым ліку малыя дзеці