Байдэн ахарактарызаваў дзеяньні ХАМАС як тэракты, якія «чыстым і бяспрымесным злом» нагадалі самыя крывавыя тэракты ў выкананьні групоўкі «Ісламская дзяржава».
Па словах прэзыдэнта ЗША, ХАМАС не абараняе правоў палестынскага народу, адзіная задача, якую групоўка ставіць перад сабой — забіваць габрэяў. Байдэн адзначыў, што забівалі мірных людзей, у тым ліку дзяцей і старых. Ён сказаў, што сярод забітых — 14 грамадзян ЗША. Прэзыдэнт таксама нагадаў пра захоп ХАМАС закладнікаў, сярод якіх ёсьць і амэрыканскія грамадзяне.
Байдэн некалькі разоў паўтарыў, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль. Па словах амэрыканскага прэзыдэнта, Ізраіль мае ня толькі права, але і абавязак абараняцца. Пры гэтым ён адзначыў, што заклікаў ізраільскага прэм’ера Біньяміна Нэтаньягу «выконваць законы вайны».
Байдэн заявіў, што будзе працаваць з Кангрэсам, каб выдаткаваць на падтрымку Ізраілю дадатковыя сродкі, а таксама забясьпечыць, каб у Ізраілю былі сродкі для абароны, у прыватнасьці супрацьпаветранай. Па словах Байдэна, ЗША таксама засьцерагаюць любую трэцюю краіну або арганізацыю ад спроб скарыстацца абвастрэньнем канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Колькасьць ізраільскіх ахвяраў нападу ХАМАС перавысіла тысячуУзброеныя атрады ХАМАС зрабілі напад на тэрыторыю Ізраілю з сэктару Газа 7 кастрычніка. Паводле сьведкаў, падчас нападаў баевікі забівалі мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей. Агулам загінула больш за тысячу ізраільцаў. Ізраільскія вайскоўцы пачалі апэрацыю ў адказ. Сэктар Газа падвяргаецца масіраваным бамбардзіроўкам, колькасьць загінулых у выніку якіх перавысіла 800. ЗША і іх саюзьнікі падтрымалі Ізраіль, сьцьвярджаючы ў той жа час, што не асацыююць ХАМАС з палестынскім народам і па-ранейшаму выступаюць за стварэньне незалежнай Палестынскай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У кібуцы побач з Газай пры нападзе ХАМАСу былі забітыя дзясяткі людзей, у тым ліку малыя дзеці