СМІ: ЗША перададуць Украіне невялікую колькасьць ракет ATACMS
Старт дальнабойнай ракеты ATACMS
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая прайшла ў Вашынгтоне напярэдадні, заявіў, што Злучаныя Штаты перададуць Кіеву невялікую колькасьць дальнабойных ракет ATACMS.
Пра гэта паведамляе NBC News з спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі і Кангрэсе ЗША. Газэта The Washington Post з спасылкай на свае крыніцы піша, што ЗША «блізкія» да рашэньня перадаць Украіне ракеты.
Крыніцы ня ведаюць, калі будзе абвешчана рашэньне і калі ракеты могуць перадаць Украіне. У чарговым пакеце амэрыканскай вайсковай дапамогі Ўкраіне, пра які абвешчана 21 верасьня, ракет ATACMS няма. Афіцыйна адміністрацыя ЗША пакуль не камэнтавала паведамленьняў СМІ. Зяленскі і ўкраінскі бок таксама не давалі камэнтараў.
Украіна ўжо доўгі час просіць Злучаныя Штаты аб пастаўках гэтых ракет з радыюсам дзеяньня да 300 кілямэтраў. Пастаўка такіх ракет азначала б, што патэнцыйнымі цэлямі ўдараў маглі б быць расейскія аб’екты практычна на ўсёй акупаванай тэрыторыі Украіны, у тым ліку ў анэксаваным Крыме. Крыніцы СМІ пацьвярджаюць, што ў Вашынгтоне няма адзінства ў пытаньні паставак гэтых ракет — іх у арсэнале ЗША ня так шмат, акрамя таго, некаторыя асьцерагаюцца, што іх пастаўка можа прывесьці да далейшага абвастрэньня амэрыкана-расейскіх адносінаў.
Washington Post удакладняе, што могуць быць пастаўленыя ракеты з касэтнымі баявымі часткамі.
Украіна ўжывае на фронце брытанскія ракеты Storm Shadow з радыюсам дзеяньня больш за 100 кілямэтраў. Ідзецца пра ракеты клясы паветра-зямля, для іх патрэбная авіяцыя. Пускавыя ўстаноўкі для ATACMS — сыстэмы залпавага агню HIMARS, якія ўжо ёсьць на ўзбраеньні Ўкраіны.