Расея нанесла разбуральныя ракетныя ўдары па пяці рэгіёнах Украіны. Кіеў ударыў дронамі па анэксаваным Крыме

Кіеў у час ракетнай атакі Расеі раніцай 21 верасьня 2023

У міжнародны Дзень міру, які адзначаецца 21 верасьня з 2022 году, Расея нанесла маштабныя ракетныя ўдары па Ўкраіне.

Раніцай 21 верасьня ад удараў пацярпела адразу некалькі тылавых рэгіёнаў Украіны — Кіеў, Роўна, Чаркасы, Драгобіч, Хмяльніцкая вобласьць, Херсон, Харкаў і Харкаўская вобласьць. Ёсьць пацярпелыя.

У Кіеве ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі чатыры раёны — Дарніцкі, Галасееўскі, Шаўчэнкаўскі і Сьвятошынскі. Імаверна, пашкоджаны энэргетычны аб’ект, бо ўлады паведамілі аб перабоях зь сьвятлом адразу пасьля абстрэлаў. Украінскія журналісты паведамілі, што ў выніку атакі пашкоджаны таксама жылыя дамы, лякарня і інтэрнат адной з навучальных устаноў. Пацярпелі 8 грамадзян, у тым ліку дзевяцігадовая дзяўчынка. Трох пацярпелых шпіталізавалі.

У Роўна расейскія ракеты пацэлілі ў энэргетычную і цывільную інфраструктуры. Пацярпела станцыя тэхнічнага абслугоўваньня і пяць аўтамабіляў, якія на ёй знаходзіліся. Улады сьцьвярджаюць, што ахвяраў няма. Але частка Ровенскай раёну засталася без электраэнэргіі.

У Чаркасах ад абстрэлаў Расеі пацярпеў цэнтар горада — зьнішчаны мясцовы гатэль, там цяпер разьбіраюць завалы. Папярэдне ўлады паведамілі аб 10 пацярпелых, зь якіх 6 шпіталізавалі.

У Львоўскай вобласьці ад ракет пацярпеў Драгобіч. Расея ўдарыла па прамысловым аб’екце і двух складзкіх памяшканьнях. Пажары тушаць дагэтуль. Улады пакуль ня маюць інфармацыі аб пацярпелых.

Улады Хмяльніцкай вобласьці паведамілі, што ў рэгіёне ў выніку расейскага абстрэлу пацярпеў адзін прыватны дом і аўтамабіль. Людзі не пацярпелі. Улады сьцьвярджаюць, што над рэгіёнам эфэктыўна адпрацавалі сродкі супрацьпаветранай абароны.

У Харкаве і Харкаўскай вобласьці раненьні атрымалі 4 цывільных, аднаго зь іх шпіталізавалі. Абласны цэнтар абстралялі ракетамі С-300, у выніку пашкоджана вытворчае прадпрыемства, ад ударнай хвалі павыбівала шыбы ў лякарні. У сельскай мясцовасьці пацярпелі прыватныя дамы.

У Херсоне ракеты пацэлілі ў шматкватэрны будынак. Траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём, атрымала 81-гадовая жанчына, якая на момант абстрэлу знаходзілася ва ўласнай кватэры. Загінулі трое і атрымалі раненьні пяцёра грамадзян.

Украінская СПА зьбіла 36 з 43 расейскіх ракет

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея атакавала ўкраінскія гарады з 3:40 раніцы 21 верасьня. У большасьці гарадоў паветраная трывога працягвалася ад 2 і больш гадзін.

Ракеты запускалі з самалётаў, якія падняліся ў неба з аэрадрому «Энгельс» у Саратаўскай вобласьці. Ракеты запускалі ў некалькі хваляў — яны заходзілі ў паветраную прастору Ўкраіны з розных кірункаў і мянялі свой курс.

У Паветраных сілах Украіны паведамілі, што з 43 удалося зьбіць 36 крылатых ракет, у тым ліку 20 — толькі над Кіевам. Іншыя пацэлілі ў розныя рэгіёны краіны. Харкаў Расея абстрэльвала з артылерыйскай зброі ракетамі С-300.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Харкаў і Адэскую вобласьць уначы абстралялі ракетамі: на тэрыторыі харкаўскага прадпрыемства ўспыхнуў пажар, — адміністрацыя

У Крыме істотна пацярпеў расейскі вайсковы аэрадром «Сакі»

Вайскоўцы Службы бясьпекі і Вайскова-марскіх сіл Украіны правялі ў ноч на 21 верасьня супольную апэрацыю ў Крыме. Адразу некалькі ўкраінскіх крыніц паведамілі аб нанясеньні маштабнага агнявога ўдару па вайсковым аэрадроме Расеі ў Крыме «Сакі».

Сьцьвярджаюць, што ў момант атакі на аэрадроме знаходзіліся ня менш як 12 баявых самалётаў (Су-24 і Су-30), а таксама ракетны комплекс «Панцыр». Там жа знаходзілася база падрыхтоўкі апэратараў бесьпілётнікаў.

«У выніку ўдару Службы бясьпекі і Вайскова-марскіх сіл сур’ёзныя пашкоджаньні атрымала тэхніка акупантаў. Для паражэньня ворага выкарысталі бесьпілётнікі, якія перагрузілі расейскую супрацьпаветраную абарону, а потым запусьцілі ракеты «Нептун», — адзначаецца ў паведамленьні тэлеграм-каналу, зьвязанага з Узброенымі сіламі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея заявіла пра буйную атаку дронаў на анэксаваны Крым

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

У Расеі гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.