Расея вывезла сыстэмы супрацьпаветранай абароны з Курыльскіх астравоў

Комплекс С-300

Расея вывезла з Курыльскіх астравоў прызначаныя для супрацьпаветранай абароны зэнітна-ракетныя комплексы С-300.

Пра гэта піша японская газэта «Маініці сінбун» са спасылкай на выкладчыка Такійскага ўнівэрсытэту Ю Коідзумі, які прааналізаваў спадарожнікавыя здымкі астравоў Ітуруп і Кунашыр ад Maxar Technologies.

Як нагадвае «Настоящее время», ракетныя комплексы С-300 былі разьмешчаныя каля затокі Касатка на Ітурупе і каля Паўднёва-Курыльску на Кунашыры ў 2022 годзе. На фота, зробленых да верасьня 2022 году, бачныя транспартна-пускавыя ўстаноўкі з ракетамі, радарамі і іншым абсталяваньнем. Цяпер, як сьцьвярджае Ю Коідзумі, іх там няма.

Ракетныя комплексы маглі перакінуць да межаў з Украінай для выкарыстаньня ў вайне, мяркуе Коідзумі. Акрамя таго, паводле яго слоў, на фронт ва Ўкраіну расейскія ўлады маглі адправіць адрамантаваныя старыя танкі і гаўбіцы, якія знаходзіліся на вайсковай базе на поўдні Сахаліна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У брытанскай выведцы ня выключылі, што ўдар па аэрадроме ў Наўгародзкай вобласьці адбыўся з тэрыторыі Расеі. У Кіеве адрэагавалі

Расейскія ўлады амаль кожны дзень паведамляюць пра напады бесьпілётнікаў на расейскія гарады. Так, 30 жніўня бесьпілётнікі зьбівалі ў шасьці рэгіёнах: пяць дронаў у Бранскай, па два — у Разанскай і Маскоўскай абласьцях, па адным — у Арлоўскай і Калускай. Таксама ў ноч на 30 жніўня дронам быў атакаваны аэрапорт Пскова.

У Міністэрстве абароны РФ пра налёт на Пскоў не сказалі ні слова, пры тым, што пра пажар у аэрапорце пісалі расейскія фэдэральныя СМІ. У прыватнасьці, паводле зьвестак ТАСС, былі пашкоджаныя чатыры самалёты Іл-76: на іх маглі перавозіць на фронт зьняволеных. Спадарожнікавыя здымкі аэрадрома Пскова апублікаваў праект Радыё Свабода «Схемы». На здымках бачныя пашкоджаньні як мінімум двух самалётаў.

Атаку ў ноч на 30 жніўня лічаць самай масаванай з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Брытанская выведка паказвае, што многія з запушчаных бесьпілётнікаў дасягнулі сваёй мэты — гэта, верагодна, азначае, што супрацьпаветраная абарона Расеі мае цяжкасьці зь іх выяўленьнем і зьнішчэньнем. «Цалкам магчыма, што Расеі давядзецца разгледзець пытаньне аб перамяшчэньні дадатковых сыстэм супрацьпаветранай абароны на аэрадромы, якія, на яе думку, знаходзяцца пад пагрозай нападаў БПЛА», — указвала ў сваёй зводцы брытанская выведка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявіліся паведамленьні аб паражэньні ў Крыме расейскіх ракетных комплексаў. Выведка Ўкраіны ўдакладніла, што зьнішчана