Выдавецтва Skaryna Press заявіла, што рыхтуе да публікацыі першую ў гісторыі беларускай літаратуры анталёгію гей-пісьменства

Вясёлкавы сьцяг, сымбаль ЛГБТ-руху. Ілюстрацыйнае фота

Лёнданскае выдавецтва Skaryna Press паведаміла, што плянуецца выхад першай у гісторыі беларускай літаратуры анталёгіі гей-пісьменства «Мальцы выходяць з-пад кантролю».

Пра гэта піша reform.by. Паведамляецца, што каб ажыцьцявіць публікацыю кнігі, якая рыхтавалася больш за пяць гадоў, выдавецтва распачало краўдфандынгавую кампанію.

«Упершыню беларускае чытацтва мае анталёгію, якая прапануе погляд на літаратуру знутры гей-досьведу. Яна апісвае тое, што самі геі вызначаюць як гей-культура і гей-літаратура. Дасюль гэты пласт культуры або замоўчваўся, або ставіўся пад сумнеў, або аналізаваўся няхай і гей-прыязнымі, але ўсё ж літаратарамі і літаратаркамі, якія больш ці менш пасьпяхова балянсавалі свой аналіз з уласнай гетэраідэнтычнасьцю», — адзначаецца ў прадмове да будучага выданьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супольнасьць ЛГБТК+ у Беларусі па-ранейшаму стыгматызуецца — дасьледаваньне

Многія тэксты ў анталёгіі друкуюцца пад псэўданімамі. Рэдактар — Уладзіслаў Гарбацкі.

«Некаторыя тэксты былі адкліканыя на розных этапах падрыхтоўкі, а вельмі многія аўтары проста не рызыкнулі даслаць свае творы, — збор твораў рыхтаваўся не без складанасьцяў, — зьвяртаюць увагу стваральнікі. — Але гэтая анталёгія пераводзіць беларускіх геяў у плашчыню суб’ектнасьці, ператварае іх у актыўных актараў, а ня толькі аб’ектаў дасьледаваньня, назіраньня ці апісаньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзь Гарбацкі: Прыйшла пара беларускай гей‐літаратуры

Прэзэнтацыя кнігі заплянаваная на кастрычнік — у Варшаве, у межах фэстывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 6-8 красавіка.

Выдавецтва «Скарына» было створана групай аднадумцаў у 2022 годзе. У яго кіраўніцтве — Тацяна Астроўская, Уладзіслаў Гарбацкі, Ігар Іваноў, Ганна Комар і Караліна Мацкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ўсё, чым хочаш займацца прафэсійна, дае табе заробак». Размова з кіраўніком выдавецтва Skaryna Press у Лёндане