На БМЗ заявілі, што санкцыі не прынесьлі «істотнай шкоды». Аднак пастаўкі ў Эўразьвяз упалі
На Беларускім мэталюргічным заводзе
Адзін з кіраўнікоў заводу падвёў вынікі працы за паўгода.
Аб выніках працы заводу за 7 месяцаў, санкцыях і плянах на 2-е паўгодзьдзе расказаў намесьнік генэральнага дырэктара заводу ў замежнаэканамічных сувязях, збыце і кіраваньні тавараправоднай сеткай Уладзімер Чавус на сустрэчы з калектывам.
Ён заявіў, што аб’ём выплаўленьня сталі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2022 году вырас на 23%.
«Што тычыцца мэтызнай вытворчасьці, улічваючы вузкую накіраванасьць, на 100% замяніць аб’ёмы, якія пастаўляліся ў Эўразьвяз, у нас, на жаль, у поўнай ступені не атрымліваецца. Але праца працягваецца. Ёсьць стабільныя заказы на расейскім рынку, і мы плянуем павялічваць іх аб’ёмы».
Завод працягвае інавацыйнае разьвіцьцё — асвоена вытворчасьць рэйкавых марак сталі. Цяпер блюмы з БМЗ выкарыстоўваюць для будаўніцтва чыгункі.
«Зь лютага мінулага году пастаўкі нашай прадукцыі ў Эўропу і ЗША былі часткова спынены, а зь ліпеня спыніліся цалкам. Па сутнасьці, істотнай шкоды для нашай вытворчасьці новыя абмежаваньні не нясуць. Зьніжэньня заказаў не адбудзецца, у працы заводу мала што зьменіцца», — запэўніў намесьнік гендырэктара.
Фізычныя аб’емы экспарту прадукцыі, паводле Чавуса, вырасьлі на 30%. Гэта азначае, што завод застаецца рэнтабэльным.
Аднак Уладзімер Чавус не сказаў нічога аб дапамозе прадпрыемству зь дзяржаўнага бюджэту. Яе даюць, каб уратаваць прадпрыемства ад велізарных даўгоў.
Доўгатэрміновыя пазыкі Беларускага мэталюргічнага камбінату на 2021 год складалі 1,39 мільярда рублёў. На канец 2020 году БМЗ мусіў заплаціць па крэдытах больш за 3 мільярды рублёў. І гэта пры чыстым прыбытку за 2020 год у 37 тысяч. Тады дзяржава вырашыла зноў даць грошы стратнаму прадпрыемству і рэструктураваць ягоныя даўгі. На пачатку 2021 году Мінфін выпусьціў валютныя аблігацыі на 619 мільёнаў даляраў, якія былі скіраваныя на пагашэньне даўгоў для БМЗ, яны адразу вярнуліся банкам.
Сёлета ў красавіку стала вядома, што ўлады выплацяць «Белаграпрамбанку» кампэнсацыю за крэдыт для БМЗ, які датуецца ўжо 2023 годам. Канкрэтная сума ў дакумэнтах не фігуруе.
Яшчэ раней БМЗ праводзіў мадэрнізацыю. Агульную суму субсыдый і крэдытаў, якія атрымала прадпрыемства, спэцыялісты ацэньваюць у 1 мільярд даляраў.
За 2022 год БМЗ не апублікаваў справаздачы аб сваёй фінансавай дзейнасьці.