За ўдзел у акцыях пратэсту Аляксандра Сушко і ягоную жонку Алесю пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі».
Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў па арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») сьледчага, былога начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі па расьсьледаваньні злачынстваў супраць інфармацыйнай бясьпекі і інтэлектуальнай уласнасьці Аляксандра Сушко і ягоную жонку Алесю.
Судзьдзя Юлія Шчоткіна за ўдзел у дзьвюх акцыях пратэсту прызначыла ім па тры гады «хатняй хіміі». Пасьля абвяшчэньня прысуду Аляксандра вызвалілі ў залі суду пасьля амаль чатырох з паловай месяцаў зьняволеньня.
Паводле пастановы суду ноўтбук Lenovo вярнулі ў арганізацыю, дзе працаваў Аляксандар, «пры гэтым зьнішчыўшы экстрэмісцкую інфармацыю, якая зьмяшчаецца ў ім». Што за інфармацыя — не ўдакладняецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць кіраўніка буйной кампаніі за 1100 камэнтароў пра Лукашэнку, чыноўнікаў і судзьдзяў