Улетку 2023 году Мінздароўя Беларусі выпусьціла загад, які абмежаваў для студэнтак мэдыцынскіх ВНУ магчымасьць стаць хірургамі і анэстэзіёлягамі, а Генпракуратура выступіла з ініцыятывай устанавіць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду ЛГБТ, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры, паставіўшы гэтыя зьявы ў адзін шэраг. Абедзьве ініцыятывы справакавалі скандал у сацсетках і дыскусію пра сэксізм і дыскрымінацыю.
«Настоящее время» піша пра рэакцыю на гэтыя ініцыятывы беларусаў і разьбірае з гендэрнай дасьледчыцай і сацыёлягам Аленай Агарэлышавай, да чаго гэта можа прывесьці. Пераказваем гэты матэрыял.
«Хірургічныя спэцыяльнасьці — доля мужчын»
Падпісаны 12 чэрвеня 2023 году загад Мінздароўя Беларусі № 879, які трапіў у адкрыты доступ у ліпені, прадпісвае вызначаць колькасьць месцаў на пэўныя спэцыяльнасьці ў субардынатуры «асобна для студэнтаў мужчынскага полу і студэнтаў жаночага полу». (Субардынатура — першасная спэцыялізацыя студэнтаў-старшакурсьнікаў у мэдыцынскіх ВНУ). На практыцы аказалася, што загад увёў дыскрымінацыйныя гендэрныя квоты для жанчын. Так, у Гомельскім мэдунівэрсытэце на анэстэзіялёгію і рэаніматалёгію ў субардынатуры дзяўчатам выдзелілі 5 месцаў з 45, на хірургію — 13 месцаў з 70. У Беларускім дзяржаўным мэдунівэрсытэце з 60 месцаў на анэстэзіялёгію жанчынам выдзелілі 20 месцаў, на хірургію — 31 месца з 70. У Віцебскім ВНУ на анэстэзіялёгію дзяўчатам вылучылі 10 месцаў з 50, на хірургію — 30 месцаў з 80.
Некаторыя студэнткі, камэнтуючы новаўвядзеньні беларускім СМІ, казалі пра намер зьехаць за мяжу пасьля атрыманьня дыплёму, бо «гэты сэксісцкі загад проста з ног зваліў». Зьявілася пэтыцыя, якая заклікае Мініздароўя адмяніць загад, які супярэчыць Канстытуцыі Беларусі — а менавіта артыкулу 32, які гарантуе роўныя магчымасьці для мужчын і жанчын у атрыманьні адукацыі і ў працы.
Мінздароўя на пэтыцыю адказала, што ня бачыць падставы для адмены загаду. У неафіцыйным камэнтары «Эўрарадыё» начальніца ўпраўленьня кадравай палітыкі Мінздароўя Вольга Калюпанава сказала: «Хірургічныя спэцыяльнасьці — гэта доля мужчын, анэстэзіялёгія і рэанімацыя ў тым ліку». У размове яна не прывяла ніякіх навуковых дадзеных, якія пацьвярджаюць, што хірургі-мужчыны або рэаніматолягі-мужчыны лепш спраўляюцца са сваёй справай, а калі журналістка паспрабавала запярэчыць, адказала: «Ня трэба мне пра гендэрную роўнасьць, калі ласка!».
Цяпер у беларускай мэдыцыне істотны дэфіцыт кадраў: паводле зьвестак агульнарэспубліканскага банку вакансій, не хапае больш за 6,5 тысячы лекараў-спэцыялістаў і больш за 4 тысячы мэдсёстраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд мэдыцынскай салідарнасьці: «У асяродзьдзі мэдыкаў пануюць моцныя настроі або сысьці з прафэсіі, або зьехаць»Дасьледаваньні пра ўплыў гендэру лекараў на пасьпяховасьць лекаваньня вядуцца. Так, аўтары праведзенага ў 2017 годзе дасьледаваньня прыйшлі да высновы, што ў пацыентаў, якіх лекавалі жанчыны-хірургі, назіралася невялікае, але статыстычна значнае зьніжэньне 30-дзённай сьмяротнасьці, ускладненьняў, паўторнай шпіталізацыі ў параўнаньні з пацыентамі, якіх лекавалі хірургі-мужчыны. У гэтым дасьледаваньні, апублікаваным навукоўцамі з Канады і ЗША, былі прааналізаваныя дадзеныя больш за 104 тысяч пацыентаў, якія праходзілі лекаваньне ў 3314 хірургаў, зь якіх 774 былі жанчынамі і 2540 мужчынамі. Іншае дасьледаваньне, праведзенае ў 2021 годзе, прадэманстравала карэляцыю паміж гендэрам лекара і пацыента: пацыенткі жанчын-хірургаў радзей сутыкаліся з ускладненьнямі і нэгатыўнымі наступствамі апэрацый, чым пацыенткі хірургаў-мужчын. У выпадку пацыентаў-мужчын гендэр хірурга на вынік не ўплываў. У гэтым дасьледаваньні аналізаваліся дадзеныя 1,3 млн пацыентаў, якія лекаваліся ў 3 тысяч лекараў.
Увядзеньне гендэрных квот у Беларусі актыўна абмяркоўвалі ў прафэсійным чаце «Анэстэзіёлягі-рэаніматолягі РБ», дзе больш за 1400 удзельнікаў і ўдзельніц. Дыскусія пра лёгіку гэтага загаду зьвялася галоўным чынам да тэмы доўгага дэкрэтнага адпачынку, які «пагаршае кадравы дэфіцыт» у інтэнсіўнай тэрапіі.
Сацыёляг і дасьледчыца ў галіне гендэру Алена Агарэлышава тлумачыць сытуацыю з урачэбнымі «гендэрнымі квотамі» ўплывам стэрэатыпаў, якія не даюць рацыянальна глядзець на рэчы:
«Паводле расповядаў сябровак з лечфаку Белдзяржмэдунівэрсытэту, жанчынам і раней настойліва рэкамэндавалі не выбіраць спэцыялізацыі „хірургія“ і „анэстэзіялёгія“, таму што гэта цяжка, маўляў, шматгадзінная апэрацыя, трэба доўга стаяць на нагах, пашырэньне венаў, брыдкія ногі... Але вельмі шмат жанчын-прадаўцоў працуюць стоячы, і нікога не хвалюе варыкознае пашырэньне венаў у іх. Сярод жанчын шмат участковых лекараў, якія ў любое надвор’е ходзяць па хатах, якія адказныя за пастаноўку дакладнага дыягназу тысячам пацыентам.Чаму гэтая спэцыяльнасьць нікога не бянтэжыць, а за хірургаў і анэстэзіёлягаў хвалююцца? Гэта стэрэатыпы».
Дасьледчыца адзначае, што ў Беларусі дасюль захоўваецца сьпіс забароненых прафэсій для жанчын (на сёньня ў ім 88 пазыцый.
«Там ёсьць цяжкія, але высокааплатныя прафэсіі. Пры гэтым у нас шмат цяжкіх прафэсій, але іх складанасьць як бы не ўсьведамляюць, таму што яны нізкааплатныя і нізкапрэстыжныя. Забарону пэўных прафэсій тлумачаць клопатам, маўляў, яны цяжкія для жаночага арганізма, маюць высокую рызыку хранічных захворваньняў», — адзначае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі больш чым напалову скарацілі сьпіс забароненых для жанчын прафэсій — іх засталося 88
«Усе гэтыя плыні чайлдфры — праявы новай дэмакратыі»
У чэрвені Генпракуратура Беларусі дала справаздачу, што Аляксандар Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву аб увядзеньні адміністрацыйнай адказнасьці за прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў», зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры. Начальніца ўпраўленьня інфармацыі Генпракуратуры Анжаліка Курчак патлумачыла гэта так: «Усе гэтыя плыні чайлдфры — гэта праявы новай дэмакратыі. Мы разумеем, што ідзе актыўная прапаганда каштоўнасьцяў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю сямейных адносінаў, накіраваныя на аднаполыя шлюбы. Усё гэта ўяўляе пагрозу нашай нацыянальнай бясьпецы, дэмаграфічнай палітыцы».
Дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі сапраўды пагаршаецца, пра гэта сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. У 2022 годзе колькасьць народжаных зьнізілася на 20% у параўнаньні з 2019 годам. Сумарны каэфіцыент нараджальнасьці за гэтыя гады ўпаў з 1,73 да 1,38 дзіцяці на адну жанчыну фэртыльнага ўзросту. Колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2023 году складала 9200617 чалавек. Тры гады таму, на 1 студзеня 2020 года, — больш за 9 349 600.
«З пункту гледжаньня папулізму выгадна абвінаваціць прадстаўнікоў ЛГБТК і чайлдфры ва ўсіх грахах. Але галоўны стрымліваючы фактар нараджальнасьці ня гэтыя людзі, — кажа сацыёляг і дасьледчыца гендэру Алена Агарэлышава. — Самы галоўны стрымліваючы фактар — эканамічны. А пасьля 2020 года да гэтага фактару дадаўся яшчэ адзін — палітычнае і сацыяльнае становішча ў краіне. Так, ёсьць тыя, хто сьвядома адмаўляецца мець дзяцей, але вялікая колькасьць гатова нараджаць. Але сёньня людзі не пачуваюцца ў бясьпецы ў Беларусі, масава зьяжджаюць з краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супольнасьць ЛГБТК+ у Беларусі па-ранейшаму стыгматызуецца — дасьледаваньнеРознымі міжнароднымі дасьледаваньнямі даказана, што нараджальнасьці садзейнічае рэальная стабільнасьць у краіне, эканамічная падтрымка семʼяў і жанчын, сацыяльная падтрымка дзяцей і даступныя ясьлі і сады, пералічвае экспэртка.
Алена Агарэлышава ня згодная, што сэксізм, гамафобія, супрацьпастаўленьне «нашых» і «заходніх» каштоўнасьцяў сталі актуальнымі ў Беларусі менавіта цяпер:
«Некалькі гадоў таму па тых жа самых падставах, што „наступае агрэсіўны Захад“, у Беларусі быў заблякаваны законапраект аб хатнім гвалце. Сёньняшняя актуалізацыя — гэта сьледзтва таго, што Беларусь становіцца ў ідэалягічным пляне моцна залежная ад Расейскай Фэдэрацыі, дзе бачныя такія ж тэндэнцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін даручыў стварыць інстытут дасьледаваньня «грамадзкіх паводзінаў» прадстаўнікоў ЛГБТК+Паводле яе, на вялікі жаль, практычна немагчыма паўплываць на рэжым Лукашэнкі ў пытаньні гендэрнай роўнасьці і правоў чалавека, таму экспэртам застаецца толькі зьбіраць інфармацыю і апублічваць яе.
Гаворачы пра забарону «прапаганды» чайлдфры і ЛГБТ, Алена Агарэлышава адсылае да адной з работ пісьменьніка і філёзафа Умбэрта Эка: у тэксьце «Аб вечным фашызьме» ён вылучае сярод рысаў фашызму ксэнафобію, культ мужнасьці і маскуліннасьці, грэбаваньне ў дачыненьні да жанчын, адмаўленьне ўсяго, што не адпавядае ўсталяваным нормам сэксуальнага жыцьця.
«Небясьпека ў тым, што для канкрэтнай супольнасьці становіцца нармальным дзяліць людзей на розныя катэгорыі і надзяляць іх рознымі правамі. У музэі Дахау, створаным на месцы аднаго зь першых канцэнтрацыйных лягераў у Нямеччыне, ёсьць выстава, як гэта ўсё пачыналася: з шаржам на габрэяў з доўгімі насамі, зь лістоў у рэдакцыю ад абураных грамадзян, што ЛГБТК-людзі — самае горшае, што ёсьць у выдатнай арыйскай Нямеччыне. А побач — газавая камэра, у якую ты можаш зайсьці і на свае вочы ўбачыць апошні шлях людзей. Гэта ня значыць, што насьмешкі і дыскрымінацыя пэўных групаў абавязкова прыводзяць да газавых камэраў. Але хутчэй не ад нежаданьня рэжымаў, а проста таму, што на такое патрэбныя значныя рэсурсы», — адзначае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прайшоў «Парад роўнасьці». На ім былі і бел-чырвона-белыя сьцягіДыскрымінаваная група, паводле Алены Агарэлышавай, пры гэтым становіцца свайго роду «экспэрымэнтальнай» — калі можна абмяжоўваць у правах адных, атрымаецца і зь іншымі, працягвае дасьледчыца:
«Калі мы прытрымліваемся дэмакратычных поглядаў, то абмяжоўваць правы адной групы ў адносінах да іншай немагчыма. Непрынцыпова, якая гэта група. Прынцыпова, што [у выпадку такіх абмежаваньняў] для грамадзтва становіцца нармальным нешта забараняць людзям, таму што яны „не такія“, „няхай сабе жывуць і не выстаўляюць гэта напаказ“. Гэта значыць, мы згаджаемся, што забараняем камусьці быць сабой, згаджаемся з тым, што гэты мэханізм нармальны. Гэта значыць, што патэнцыйна калісьці могуць прыйсьці і за табой. Ня трэба апранаць ружовыя акуляры. Гэтак жа, як адну групу зрабілі „ненармальнымі“ і гэта пракаціла, любога чалавека і іншыя групы могуць зрабіць „ненармальнымі“, таму што ў грамадзтве ўжо існуе мэханізм».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску напалі на дзяўчыну-трансгендэра са сьцяжкамі Ўкраіны і ЛГБТ+. Празь некалькі дзён яна знайшлася на «сутках»