Улады прызналі Праваабарончы цэнтар «Вясна» «экстрэмісцкім фармаваньнем». ЗША выступілі з асуджэньнем

Зьняволеныя лідэры Вясны Валянцін Сэфановіч, Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч. Каляж

Гэта стала вядома 23 жніўня з праўладных тэлеграм-каналаў.

Інфармацыйныя рэсурсы «Вясна/Правы чалавека ў Беларусі» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Паводле папярэдняй інфармацыі такое рашэньне прыняла Міністэрства ўнутраных справаў. У адпаведны сьпіс «Вясна» яшчэ не ўнесеная.

Таксама ў сьпіс унесьлі каля 30 рэсурсаў, зьвязаных з найбольш вядомым беларускім праваабарончым цэнтрам.

Адзначаецца, што такое рашэньне прынялі на падставе «арганізацыі дзейнасьці па падрыхтоўцы зьдзяйсьненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб».

За кратамі ў Беларусі застаюцца «вясноўцы» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк. Іх прызналі палітычнымі зьняволенымі. У Беларусі не засталося легальных незалежных праваабарончых арганізацый.

ЗША выступілі з асуджэньнем

Злучаныя Штаты Амэрыкі асудзілі прызнаньне ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна» экстрэмісцкім фармаваньнем. Пра гэта напісаў у «Твітэры» афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Мэцью Мілер.

«Мы салідарныя з народам Беларусі і яго законнымі патрабаваньнямі аб прыцягненьні да адказнасьці і захаваньні правоў чалавека», — зазначыў ён.

Што важна ведаць пра «Вясну»

Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьявіўся ў 1996 годзе. Яго ўзначаліў праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі. Легальна цэнтар праіснаваў да 2003 года, калі за ўдзел у назіраньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 года «Вясну» беспадстаўна пазбавілі рэгістрацыі, з таго часуяна працуе неафіцыйна. У 2004 годзе беларускую «Вясну» прынялі ў Міжнародную фэдэрацыю за правы чалавека (FIDH). У 2007 годзе Алесь Бяляцкі стаў віцэ-прэзідэнтам FIDH — першым чалавекам з Усходняй Эўропы на гэтай пасадзе. Яго пераабіралі двойчы — у 2010 і 2013 гадах.

У сакавіку 2023 года Бяляцкага пакаралі на 10 гадоў калёніі. Суд таксама пакараў яго паплечнікаў: намесьніка старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDН Валянціна Стэфановіча — да 9 гадоў, юрыста «Вясны» і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзіміра Лабковіча — да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабаронца «Вясны» Зьміцер Салаўёў быў асуджаны завочна на 8 гадоў пазбаўленьня волі, ён знаходзіцца за мяжой.

У 2022 годзе кіраўнік «Вясны», палітвязень Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Яго як кіраўніка праваабарончай арганізацыі ўзнагародзілі за «выбітныя намаганьні для дакумэнтаваньня ваенных злачынстваў, парушэньняў правоў чалавека і злоўжываньня ўладай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто і як дапамагае палітзьняволеным беларусам і іх родным. Гайд па асноўных арганізацыях

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабарончы цэнтар «Вясна» — ляўрэат прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 году