Уладзімір Зяленскі 15 жніўня 2023 году наведаў пазыцыі ўкраінскага войска ў Запароскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны раніцай 22 жніўня паведаміў, што ўкраінскія падразьдзелы замацоўваюцца на расейскіх пазыцыях у Запароскай вобласьці.
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла аб прасоўваньні ўкраінскага войска ў Запароскай вобласьці.
«Нашы падразьдзелы мелі посьпех на паўднёвым усходзе Рабоціна і на поўдзень ад Малой Такмачкі Запароскай вобласьці. Вораг спрабаваў вярнуць страчаныя пазыцыі на ўсходзе Рабоціна, але беспасьпяхова», — паведаміла Ганна Маляр.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны раніцай 22 жніўня паведаміў, што ўкраінскія падразьдзелы замацоўваюцца ў гэтых кірунках і наносяць артылерыйскія ўдары па расейскіх пазыцыях.
«Сілы абароны Ўкраіны працягваюць вядзеньне наступальнай апэрацыі на бахмуцкім і мелітопальскім кірунках», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле Генэральнага штабу Ўкраіны, расейцы коштам вялікіх стратаў працягваюць «беспасьпяхова» наступаць у раёнах Аўдзееўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі ў Данецкай вобласьці.
Найбольш цяжкі баі цяпер адбываюцца ў Харкаўскай вобласьці на купянскім кірунку.
У Расеі заявілі аб «паляпшэньні» пазыцый у Харкаўскай вобласьці
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што пры падтрымцы сваёй артылерыі і авіяцыі расейскія падразьдзелы палепшылі «становішча па пярэднім краі», а ў Харкаўскай і Луганскай абласьцях адбілі чатыры атакі ўкраінскага войска.
Расейцы таксама пераконваюць, што ў раёне населенага пункта Рабоціна на Запарожжы адбілі «пяць атак падразьдзелаў 82-й дэсантна-штурмавой брыгады з складу стратэгічнага рэзэрву Ўзброеных сіл Украіны».
Інстытут вывучэньня вайны: вяртаньне населенага пункту Рабоціна дазволіць разарваць «расейскі фронт»
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) назвалі тактычна важнымі атакі ўкраінцаў каля Рабоціна на Запарожжы.
«Прасоўваньне ўкраінцаў у гэтым раёне можа дазволіць украінскім сілам пачаць дзейнічаць у абыход самых шчыльных расейскіх мінных палёў. Посьпехі Ўкраіны ў гэтым кірунку, хутчэй за ўсё, пацьвярджаюць гэтую ацэнку. Сталае прасоўваньне Ўкраіны ў раёне Рабоціна таксама, імаверна, накіравана на прыніжэньне расейскіх сіл, якія ўклалі значныя намаганьні, рэсурсы і асабовы склад, каб утрымаць пазыцыі вакол Рабоціна», — адзначылі экспэрты ISW у справаздачы ад 21 жніўня.