«Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя». UNICEF адказаў на абвінавачаньні ва ўдзеле ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Дзіцячы фонд ААН (UNICEF) ня ўдзельнічае ў вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, а тыя лягеры для дзяцей украінскіх бежанцаў, якія фонд падтрымліваў летась, працавалі ў Беларусі на законных падставах.

Такі адказ атрымаў праваабарончы праект MAYDAY ад прадстаўнікоў UNICEF.

Раней MAYDAY заявіў, што ў разьмяшчэньні вывезеных з Украіны ў Беларусь дзяцей дапамагаў Дзіцячы фонд ААН (UNICEF). Праваабаронцы спасылаліся на леташнюю заяву арганізацыі аб тым, што «напрыканцы лета каля 90 хлопчыкаў і дзяўчынак з Украіны ад 6 да 17 гадоў адпачывалі ў аздараўленчых лягерах у розных рэгіёнах Беларусі і атрымалі псыхалягічную дапамогу ад спэцыялістаў. UNICEF у Беларусі і Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) арганізавалі летні адпачынак для дзяцей з Украіны».

Паведамлялася, што UNICEF і Беларускі Чырвоны Крыж ладзілі лягеры ва ўсіх абласьцях Беларусі, а фота некаторых украінскіх дзяцей былі апублікаваныя на афіцыйнай старонцы фонду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі заявілі, што вывезьлі з Украіны больш за паўмільёна дзяцей, у тым ліку зь цяжкімі паталёгіямі

У лісьце ад імя рэгіянальнага офісу UNICEF па краінах Эўропы і Цэнтральнай Азіі прадстаўніца арганізацыі Джорджына Дыяла паведаміла праваабаронцам, што фонд не датычны да вывазу дзяцей з Украіны, а леташнія лягеры былі арганізаваныя ў супрацоўніцтве зь Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа (БТЧК) цалкам законна.

«Хочам удакладніць, што летась UNICEF у Беларусі падтрымаў летнія лягеры для 87 дзяцей-уцекачоў з Украіны, якія на законных падставах жывуць у Беларусі са сваімі бацькамі ці законнымі апекунамі. Летнія лягеры даюць дзецям, закранутым канфліктам, магчымасьць пагуляць са сваімі аднагодкамі і атрымаць падтрымку ад кансультантаў. Бацькі дзяцей, якія прыехалі ў летні лягер, запісалі іх і далі дазвол на наведваньне. Усе дзеці, якія прыехалі ў летні лягер, былі забраныя сем’ямі адразу пасьля яго заканчэньня», — сьцьвярджаецца ў камэнтары Джорджыны Дыялы.

У фондзе паведамілі, што цяпер ня маюць доступу на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны і не займаюцца перавозкай дзяцей за межы краіны.

«Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя паведамленьнямі аб эвакуацыі дзяцей без належных гарантый», — таксама напісала ў сваім камэнтары прадстаўніца UNICEF.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве заклікалі выключыць Беларускі Чырвоны Крыж зь міжнароднай арганізацыі

19 ліпеня сёлета кіраўнік МЗС Украіны заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа.

Я заклікаю Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Дзьмітрыя Шаўцова, які публічна прызнаўся ў злачынстве па незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны. Усе вінаватыя ў крадзяжы ўкраінскіх дзяцей павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — напісаў Дзьмітрый Кулеба ў Twitter.

Падчас паездак на адпачынак у Беларусь украінскія дзеці зазнаюць узьдзеяньне праўладнай і прарасейскай прапаганды — нядаўнім прыкладам стаў выступ у летніку «Дубрава» сясьцёр Грузьдзевых, якія са сцэны на вачах у дзяцей пажадалі прэзыдэнтам Байдэну і Зяленскаму «здохнуць», а Пуціну «квітнець».

  • Генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас у другой палове ліпеня 2023 году перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
  • Падчас сваёй папярэдняй паездкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Шаўцова заўважылі ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Ўкраіне, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нэўтральнымі.
  • У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа заявілі, што вывучаюць гэты інцыдэнт.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.