Выданьне «Медиазона» і ВВС вызначылі імёны больш як 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў, што загінулі на вайне ва Ўкраіне
Магілы расейскіх салдат у Краснадары.
З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну на фронце загінулі прынамсі 30 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, зь іх больш за 3 тысячы — мабілізаваныя. Іх асобы вызначылі журналісты «Медиазоны» і расейскай службы ВВС.
У сваім дасьледаваньні, якое базуецца на дадзеных з адкрытых крыніцаў (нэкралёгаў у СМІ, паведамленьняў у сацсетках сваякоў загінулых і гэтак далей), журналісты выданьняў адзначылі, што за апошнія два тыдні ў сьпісе вырасла колькасьць загінуўшых з Маскоўскай вобласьці. Аднак гэта зьвязана з павелічэньнем выяўляльнасьці, а не з сытуацыяй на фронце.
Самай вялікай катэгорыяй загінуўшых на вайне, паводле інфармацыі расьсьледавальнікаў, застаюцца зьняволеныя (5637 чалавек) і мабілізаваныя (3167 чалавек).
Журналісты таксама паведамілі, што з 24 лютага 2022 года па 11 жніўня 2023 года яны ідэнтыфікавалі больш за 2400 расейскіх афіцэраў, якія загінулі ва Украіне, прычым 284 зь іх — у званьні ад падпалкоўніка і вышэй.
Паводле колькасьці пацьверджаных журналістамі стратаў сярод рэгіёнаў Расеі лідзіруюць Свярдлоўская вобласьць (1113 загінуўшых), Краснадарскі край (1071 загінулы) і Башкартастан (932 загінуўшых). Вядома таксама аб 297 загінуўшых з Масквы і 293 — з Санкт-Пецярбурга.
Раней журналісты «Медузы» і «Медиазоны» паведамілі, што за 15 месяцаў вайны агульная колькасьць загінулых на вайне супраць Украіны расейскіх вайскоўцаў склала каля 47 тысяч чалавек. Для падліку расьсьледавальнікі выкарыстоўвалі дадзеныя рэестра спадчынных справаў Фэдэральнай натарыяльнай палаты і дадзеныя Расстату.
Расейскія ўлады афіцыйна не публікуюць дадзеныя аб загінуўшых. Апошні раз Мінабароны давала справаздачу аб стратах у верасьні 2022 года. Тады Сяргей Шайгу заявіў, што загінулі 5937 вайскоўцаў. Гэтая лічба не мае ніякага дачыненьня да рэальнасьці: ужо тады ў сьпісе загінуўшых, сабраных па адкрытых крыніцах, было больш імёнаў, кажуць расьсьледавальнікі.