Румынія абвінаваціла Расею ў ваенных злачынствах пасьля абстрэлаў гандлёвага порту Ізмаіл

Прэзыдэнт Румыніі Кляўс Ёганіс

Прэзыдэнт Румыніі Кляўс Ёганіс 2 жніўня абвінаваціў Расею ў зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў. Заява прагучала пасьля абстрэлу расейскімі войскамі ўкраінскага гандлёвага порту Ізмаіл на рацэ Дунай каля мяжы з Румыніяй.

Ад абстрэлу пацярпела партовая і прамысловая інфраструктура.

«Атакі Расеі, якія працягваюцца, на цывільную інфраструктуру Ўкраіны на Дунаі, у непасрэднай блізкасьці ад Румыніі, непрымальныя, — заявіў румынскі лідэр. — Гэта ваенныя злачынствы, і яны ўплываюць на здольнасьць Украіны перадаваць свае харчовыя тавары людзям у сьвеце, якія маюць у іх патрэбу».

Горад і порт Ізмаіл — у Адэскай вобласьці на левым беразе Дунаю. Процілеглы бераг — ужо тэрыторыя Румыніі.

Расейскія войскі ў ноч на 2 жніўня атакавалі Ізмаіл дронамі-камікадзэ. Генпракуратура Ўкраіны пацьвердзіла, што ў выніку атакі ў порце пашкоджаны элеватар, збожжавыя ангары, рэзэрвуары аднаго з грузавых тэрміналаў, вытворчыя, складзкія і адміністрацыйныя памяшканьні, а таксама будынак марскога вакзалу. Порт спыніў працу. Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў заявіў, што пацярпелі 40 тысяч тон збожжа, гатовага да адпраўкі.

Агенцтва Reuters паведамляе, што пасьля расейскага абстрэлу Ізмаіла сусьветныя цэны на пшаніцу, паводле дадзеных Чыкаскай таварнай біржы, падняліся на 5%. У вусьці Дунаю пасьля ўдару па Ізмаілу сабраліся судны, якія пакуль асьцерагаюцца заходзіць ва ўкраінскія парты на гэтай рацэ.

Масква адмаўляе напады на цывільныя аб’екты. Расейскія дзяржаўныя СМІ сьцьвярджаюць, што ў порце Ізмаіла базавалася вайсковая тэхніка і разьмяшчаліся замежныя вайскоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея другі раз атакавала альтэрнатыўны порт пастаўкі збожжа з Украіны. Раней туды зайшлі тры замежныя балкеры